От тропических джунглей до белорусских горизонтов. Где отдыхали шумилинцы этим летом?

Главное Мир увлечений Новости Общество Спорт, туризм

Ад трапічных джунгляў да беларускіх гарызонтаў

Лета‑2026 падышло да свайго завяршэння, але гэта зусім не нагода для суму. Каляндарнае лета сыходзіць, пакідаючы нам гігабайты яркіх здымкаў, прыемныя ўспаміны і лёгкі загар. І для многіх жыхароў раёна яно стала, сапраўды, маленькім жыццём, часам адкрыццяў і падарожжаў, спаўнення запаветных мар.

«Экзатычная Азія»


Гэтым летам споўнілася мара Кацярыны ІВАНЕНКА, якая з дачкой лётала ў Кітай. Цікавасць да краіны ў Кацярыны з’явілася яшчэ ў студэнцкія гады. «Так атрымалася, што падчас вучобы ва ўніверсітэце мне давялося жыць у адным інтэрнаце з хлопцамі з Кітая. Мы пасябравалі, абменьваліся нацыянальнымі стравамі. Тады я паабяцала сабе, што калі-небудзь абавязкова пабываю ў іх на радзіме», – падзялілася яна. У Кітаі ім з дачкой спадабалася ўсё. Больш за ўсё ўразіла змена карцінкі за адзін дзень: раніцай прачынаешся пад шум мора і ідзеш на пляж з бірузовай вадой, днём паглыбляешся ў трапічныя джунглі, дзе прама над галавой растуць манга і какосы, а ўвечары аказваешся каля сцен будыйскага храма, размешчанага на скале. Пасля такой разнастайнасці, па словах Кацярыны, па вяртанні дадому ім некалькі дзён прыйшлося адвыкаць ад яркага і каларытнага Кітая.

Дар’я і Павел ТРАФІМАВЫ выбралі для сябе сёлета знаёмства з В’етнамам. Краіна прывабіла іх сваім падабенствам з Тайландам, у які пара закахалася ў мінулым годзе. «У В’етнаме вельмі смачная ежа, багацце морапрадуктаў і разнастайнасць экзатычнай таннай садавіны. Самае дарагое, за чым мы туды ляцелі, былі, вядома, новыя эмоцыі. Самым запамінальным момантам адпачынку стала экскурсія на Дзікі востраў, дзе практычна няма людзей. Мы жылі ў доміку на беразе мора з неверагодным відам. Яшчэ адным яркім адкрыццём стала сустрэча з жырафай. Нам пашчасціла яе пакарміць і нават зрабіць з ёй сэлфі».

«Каўказскі акцэнт»


Гасцінная Грузія стала выпадковым выбарам для адпачынку ў сям’і ВОЛКАВЫХ. Яўгенія і Дзмітрый звычайна аддаюць перавагу адпачынку на асабістым аўтамабілі ў Краснадарскі край, але сёлета ўдваіх адправіліся на аўтобусе ў Грузію. Шыкоўныя велічныя горы, мноства рэк і вадаспадаў, чыстае і цёплае мора вельмі ўразілі. «Краіна вельмі прыгожая, народ гасцінны. Вялікі плюс у тым, што па дарозе з аўтобуса можна больш уважліва разгледзець прыгожыя мясціны, а з экскурсій даведацца пра іх шмат цікавай інфармацыі, чаго не атрымалася б зрабіць пры паездцы на ўласным аўтамабілі. Мінусам былі частыя дажджы і вятры, але яны не азмрочылі нашы ўражанні пра краіну», – адзначыла Яўгенія.

Для сямейнага адпачынку сям’я Ірыны САЎЧАНКА абрала Абхазію, даверыўшыся расказам знаёмых пра яе ўнікальную прыроду. «Нас аднолькава вабілі ландшафты і няпростая гісторыя гэтай зямлі, дзе архітэктура царскіх часоў суседнічае са слядамі савецкага мінулага. Гэта дзіўнае месца: тут усё здаецца родным з-за адсутнасці моўнага бар’ера, але пры гэтым ты выразна адчуваеш сябе ў каларытным «замежжы», – расказала Ірына. Пераадольваць шлях у 2000 тысячы кіламетраў, са слоў гераіні, было няпроста, але цікава. Па шляху Саўчанкі знаёміліся з вядомымі расійскімі курортамі: Джубгай, Туапсэ, Сочы, Адлер. Абхазія іх сустрэла магутнымі горамі, бязмежным морам і прасторнымі пляжамі. Сапраўдным адкрыццём стала гара Мамзышха вышынёй 1873 метры. З яе назіральных пляцовак адкрываліся захапляльныя панарамныя віды ад Сочы да Сухумі. Чыстае горнае паветра, шум мора і вогненныя заходы на ўзбярэжжы выклікаюць жаданне калі-небудзь вярнуцца зноў.

«Класіка перазагрузкі»


Для сямейнага адпачынку сям’я Канстанціна і Таццяны МОНЧЫК выбралі турэцкую Аланню. «Другі год запар мы падарожнічаем вялікай кампаніяй разам з сябрамі. Такі адпачынак заўсёды праходзіць весялей і пакідае значна больш яркіх успамінаў. Мы вывучылі славутасці Аланні, ацанілі панарамы горада з двух’яруснай палубы карабля і выкупаліся ў адкрытым моры. Чысты адрэналін выпрабавалі, адправіўшыся на экскурсію: рафтынг, багі-сафары і палёт на зіплайне – гэта самы магутны выбух эмоцый за ўсю паездку!», – расказала Таццяна Мончык.

 

Змяніла маршрут дзеля Чырвонага мора сям’я Міхаіла і Кацярыны БЫКАВЫХ. «Першапачаткова мы планавалі сямейны адпачынак у ААЭ або Турцыі, але з-за магчымых пераносаў рэйсаў у апошні момант выбралі Егіпет. Краіна адразу ўзяла ў палон нас цёплым Чырвоным морам з яго фантастычным падводным светам, каралавымі рыфамі, дайвінгам і снорклінгам. Наш адпачынак з двума дачкамі перасягнуў усе чаканні: камфорт: зручны пералёт, мяккі вільготны клімат, атэль з выдатнай анімацыяй, шчырае добразычлівае стаўленне да турыстаў, багатая старажытная гісторыя краіны, унікальныя помнікі, бясхмарнае неба і хуткія экватарыяльныя заходы пакінулі самы цёплыя ўспаміны», – падзялілася Кацярына.

«Родныя гарызонты»


Натхняльным вопытам падарожжаў па роднай Беларусі падзялілася Анастасія МАЛАШОНАК. Летам вялікай і дружнай жаночай кампаніяй, з дзвюма дачкамі, сястрой і пляменніцамі, яны пад стук колаў цягніка і душэўныя размовы адправіліся ў Брэст. Горад паўстаў, як зялёны еўрапейскі горад, які гарманічна спалучаў у сабе манументальную ваенную гісторыю, старадаўнюю ўтульнасць і сучасны глянец. Сапраўдным адкрыццём года для Анастасіі стала Глыбокае. Гэты беларускі гарадок скарыў сваёй велічнай духоўнай спадчынай, унікальнымі саборамі з непаўторнай архітэктурай.

Рака Вята-аграгарадок Друя-Браслаў – адзін з беларускіх маршрутаў Юліі ШАБАНАВАЙ. «Звычайна з сям’ёй мы выбіраем месцы для падарожжаў па прынцыпе: месца, дзе былі раней і ў якое захацелі вярнуцца зноў, плюс новая лакацыя». Так вадаспад на рацэ Вята мы наведвалі летась і былі пад вялікім уражаннем. У Друі былі ўпершыню. Тут на невялікай плошчы размешчана больш за 20 турыстычных аб’ектаў. Браслаў зачапіў сваёй прыродай. Віды з назіральнай пляцоўкі «Маяк» бамбічныя. Гэта сапраўдны кемпінгавы рай і азёрны курорт», – падзялілася Юлія. Юлія з сям’ёй пабывалі яшчэ ў Мінску, Стоўбцах, Навагрудку і Гродне.

Лета сказала нам «бывай», але ж сезон падарожжаў доўжыцца круглы год. Наперадзе нас чакаюць залатая восень, заснежаныя схілы гор і зімовыя канікулы. Самы час адкрыць чысты ліст нататніка і пачаць планаваць наступны маршрут.

Дар’я ЧАПУРНОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *