С фотоаппаратом к настоящим хозяевам

Общество

А вяргіні — пасляваенныя
Пачэснага ўзросту Варвара Меркур’еўна Карпава, а працаўніца-руплівіца, маладым толькі павучыцца. Агарод пасадзіла, тэрыторыю ля дома кветкамі ўпрыгожыла. Любіць жанчына ствараць наўкол прыгажосць і парадак.
– Сама абкашу хмызнякі, прапалю градкі, агароджу падпраўлю. Дзякую Богу, што маю магчымасць працаваць і сядзець склаўшы рукі не збіраюся, гэта не для мяне, – кажа пенсіянерка, якой, дарэчы, праз паўгода споўніцца 90.
Кветкі займаюць важнае месца ў жыцці гаспадыні, адкажа сабе ў якой іншай пакупцы, а насення, і клубняў купіць. А вось вяргіні ў яе свае, з 1946 года не выводзяцца, ды якія прыгожыя, быццам дзякуюць жанчыне за добры догляд.
І доміку Варвары Меркур’еўны больш за шэсцьдзесят год, а не скажаш: падфарбаваны, падладжаны, паглядае на вуліцу чыстымі, упрыгожанымі карункавымі фіранкамі вокнамі ды ўсім выглядам паказвае, што ягоная руплівая гаспадыня самая лепшая…
Па-майстэрску і з густам
Праходзячы па вуліцы Першамайскай, што ў райцэнтры, немагчыма не спыніцца ля дворыка Тамары Савельеўны і Аляксандра Аляксее-віча Хашкоўскіх. Так і хочацца зазірнуць за агароджу і падзівіцца: што за райскі сад перад вачыма? Аксаміт газона робіць усе куткі адначасова някідкімі і яркімі. Іскрыцца на сонейку вада ў штучным азярку, скачуць жабкі па жорсткіх лістах гарлачыкаў, адна зазірнула ўнутр карункавых пялёсткаў. Можа, там схавалася Дзюймовачка? Прынамсі, гэтай маленькай казачнай прыгажуні і яе сябрам эльфам тут спадабалася б: столькі кветак, ды такіх прыгожых.
А пад яблыняй прытуліўся млынок і яшчэ адзін невялічкі вадаёмчык. Самыя нечаканыя прадметы побыту ўпрыгожваюць гэты куток сада. Уздоўж кветніка пакінуў свае сляды сапраўдны Гулівер, такія яны вялізныя…
Гаспадары пастараліся стварыць на сваім участку казачны свет, прычым зроблена ўсё па-майстэрску, з густам. Каб не ведалі, што Тамара Савельеўна працуе малодшай медыцынскай сястрой у інфекцыйным аддзяленні, а Аляксандр Аляксеевіч токарам у “Шумілінарайгазе”, падумалі б, што нехта з іх прафесійна займаецца ландшафтным дызайнам.
– Безумоўна, праглядаем спецыяльныя часопісы, але творым так, як нам бачыцца. Напрыклад, перш чым вадаём набыў такі выгляд, не раз прымерылі, каб кожны камень, вадаспад, кожная расліна і скульптурка знайшлі сваё месца”, – прызналася гаспадыня.
У выніку атрымалася такая вось прыгажосць.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
P.S. Калі на вашым падворку ці ў вашых знаёмых пасялілася прыгажосць, пра якую трэба расказаць лю-дзям, тэлефануйце  да нас у рэдакцыю па нумарах 4-12-95, 4-10-46 і мы прыедзем да вас з фотаапаратам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *