Евдокия Ивановна Орехова — кавалер ордена Октябрьской революции

Людзі і лёсы

Працоўныя будні прайшлі на ферме
Як раней працавалі ў калгасах, за што ўзнагароджвалі перадавікоў, калі ўпершыню на фермах з’явіліся даільныя апараты – пра ўсё гэта добра помніць ветэран працы з райцэнтра, былая даярка саўгаса імя Кароткіна, кавалер ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі Еўдакія Іванаўна Арэхава.
Вясковая дзяўчына з Баравых (калісьці такая вёска была ля Лоўжы) выйшла замуж у Юрава. Вяселле было прызначана якраз на Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – 7 лістапада. Лічылася, што ўзяць шлюб у такі дзень – гэта да шчасця. У прынцыпе, так яно і выйшла. Еўдакія Іванаўна і Мікалай Ільіч Арэхавы пражылі разам шэсцьдзясят гадоў. На жаль, нядаўна гаспадара не стала.
Еўдакія Іванаўна згадала пра свае працоўныя будні. У канцы 50-х гадоў у Юраве была добрая малочнатаварная ферма. Маладой Еўдакіі даверылі групу з 20 кароў. Гэта нямала, калі ўлічыць, што даілі на той час уручную. “Акрамя таго, трэба было накарміць кароў і напаіць, – згадвае жанчына. – Раскідаць сена дапамагалі кармачы, а вось паенне было поўнасцю на плячах даяркі. Нават калі па аднаму вядру на кожную карову прынесці – і то выходзіць дваццаць вёдзер. А насілі і пабольш. Асабліва цяжка было зімой: праб’еш, бывала, у ручаі лунку і чэрпаеш ваду. Рэзка возьмеш поўнае вядро,  знянацку пляснеш на халат – і ідзеш, быццам снягурка, уся ў ледзяшах. Пакуль высушыш дома адзенне, ужо і на наступную дойку спяшацца трэба”.
Лягчэй стала працаваць у пачатку 70-ых гадоў, калі з’явіліся даільныя апараты. Спачатку каровы палохаліся гэтай цуда-тэхнікі, як тады называлі яе жывёлаводы, не дава-ліся да іх падступіцца. Ды і даяркі былі няўпэўненымі ў сваіх руках. Але калі прызвычаіліся, зразумелі, наколькі лягчэй – праца хоць часткова механізаваная. Ну, а калі на ферме Добрына, куды перайшла працаваць Еўдакія Іванаўна, усталявалі малакаправод, радасці не было межаў.
Еўдакія Іванаўна расказала, што ў тыя часы саўгас імя Кароткіна быў адным з перадавых у раёне. І надоі былі добрыя, і прывагі. Вырошчвалі зернебабовыя, з якіх на ўласным млыне, што быў у Добрыне, рабілі муку для жывёлы. У саўгасе садзілі кармавыя буракі, вырошчвалі моркву (буйную прадавалі, а дробная ішла на корм жывёле). Увогуле ў гаспадарцы не было “ні кавалачка незасеянай зямлі”.
Е. І. Арэхава згадала многіх сваіх калег, добрым словам успомніла дырэктара саўгаса імя Кароткіна Пятра Паўлавіча Насыра, заатэхнікаў Шульгу і Болахава (імёны запамятавала). Як сёння, перад вачыма жанчыны той знакаміты дзень, калі ёй у 1971 годзе ўручалі ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі. Такой пашаны жанчына (ударнік Камуністычнай працы) была ўдастоена за руплівую добрасумленную працу і трохтысячныя надоі.
“Разам са мной на свята ў Шуміліна, якое ладзілася ў Доме культуры, ездзіла даярка фермы Бываліна Капіталіна Гусакова, ёй таксама уручалі ордэн, – згадвае Е. І. Арэхава. – Помню, ва ўсіх нас у той дзень быў прыўзняты настрой. Не столькі ад узнагарод і ордэнаў, колькі ад таго, што нашу карпатлівую працу заўважылі на раённым узроўні”.
Еўдакія Іванаўна адпрацавала даяркай у саўгасе імя Кароткіна 25 гадоў. У канцы 80-х сям’я пераехала ў райцэнтр, і жанчына ўладкавалася на сырзавод. Але дзе б ні працавала, заўсёды да работы адносілася сумленна, з душой. Гэтаму вучыла і сваіх дзвюх дачок, а цяпер вучыць унукаў і праўнукаў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.

Надрукавана ў №96 ад 12.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *