Золотую свадьбу справила чета Юрченко из Добрино

Людзі і лёсы Семья

За шчасцем – на рэйсавым аўтобусе
50 гадоў таму, 26 лютага 1966 года ў Лаўжанскім сельвыканкаме ўзялі шлюб Генадзь Панкратавіч і Ганна Дарафееўна Юрчанкі з вёскі Добрына. З таго часу муж і жонка і ў радасці, і ў горы былі разам: працавалі, выхоўвалі дзяцей.

Па жыцці пранеслі каханне, клопат, узаемаразуменне. І сёння дзеці і ўнукі ўдзячныя ім за любоў, за добрыя парады, за бацькоўскія наказы, за яркі прыклад сямейнага жыцця і доказ таго, што каханне можна захаваць на доўгія гады і не згубіць на жыццёвых дарогах ні кропелькі шчасця. Дзеці выступілі ініцыятарамі ўрачыстай рэгістрацыі залатога вяселля, якая адбылася ў мінулую пятніцу ў Шумілінскім загсе. Прозвішчы  Генадзя Панкратавіча і Ганны Дарафееўны Юрчанкаў занесены ў кнігу “Ганаровыя юбіляры Шумілінскага раёна”.
Начальнік аддзела загса райвыканкама І. І. Кісялевіч і старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Л. У. Маладзечкіна, якія з’яўляюцца ініцыятарамі сумеснага праекта “Сям’я”, што стартаваў ў гэтым годзе, творча падрыхтаваліся да залатога вяселля Юрчанкаў. Цікавы сцэнарый, падарункі, віншаванні і цёплыя словы – было ўсё. Згодна з праектам у гэтым годзе будуць праводзіцца ўрачыстыя рэгістрацыі юбілейных шлюбаў. У планах – і ўрачыстыя рэгістрацыі нараджэння дзяцей, шлюбаў, якія прымеркаваны да дзяржаўных святаў.
Ганна Дарафееўна, якая родам з Латкова, вывучылася на настаўніцу і працавала ў Бывалінскай школе. Кажа, што не ставіла для сябе завоблачных мар і не чакала прынца. Але каханне прыйшло неспадзявана. У Бывалінскім клубе на танцах пазнаёмілася з Генадзем, які працаваў механізатарам у саўгасе імя Кароткіна.  Высокі, прыгожы, а галоўнае – працавіты і надзейны хлопец. І ў душы рамантычны. Бывала, гаварыў сваёй каханай, што дорыць ёй поле з рамонкамі, якія і зацвілі дзеля прыгожай дзяўчыны. Любіў чытаць ёй вершы Лермантава і Някрасава. Любіць і зараз: па памяці расказвае ўрывак з паэмы “Каму на Русі жыць добра”.
Праз паўгода маладыя ажаніліся. “З Бываліна да Зямцоў ехалі на санях, а з Зямцоў да Мікіціхі – на рэйсавым аўтобусе, – згадвае Ганна Дарафееўна. – Рэгістраваў наш шлюб сакратар Лаўжанскага сельвыканкама Асташонак. На рэйсавым аўтобусе мы вярнуліся ўжо ў Дворышча, дзе жылі Генадзевы бацькі. Гасцей мы не запрашалі: тады не было за што рабіць вяселле. Але, як паказала жыццё, не гэта самае галоўнае. Пражылі ж паўстагоддзя разам, і дзякуй богу”.
Доўгі час маладыя жылі ў Дворышчы, а на работу ездзілі ў Бываліна. “Там была створана трактарная брыгада, – згадвае Генадзь Панкратавіч. – Мы апрацоўвалі палеткі, аралі, баранавалі, сеялі. Нам, механізатарам, дазвалялі ездзіць дадому на трактары. Кожную раніцу на МТЗ падвозіў да Бывалінскай школы і жонку”. Ганна Дарафееўна згадала, што яна, настаўніца пачатковых класаў, атрымлівала 54 рублі заробку, а муж – 80 рублёў. Перш-наперш маладая сям’я купіла сабе тэлевізар “Рэкорд”, які па заказу прывезлі ў  магазін.
У 1970-ым годзе Юрчанкі пераехалі ў Добрына, дзе ім выдзелілі кватэру ў шматпавярховым доме. Ганна Дарафееўна ўладкавалася працаваць у Чырвонаюраўскую школу – драўляная, яна знаходзілася непадалёк ад сённяшняга магазіна “Валерыя”. Потым працавала выхавальніцай Добрынскага дзіцячага садка. Ну, а Генадзь Панкратавіч вывучыўся па накіраванні ад саўгаса ў Гарадоцкім тэхнікуме на механіка.
Гады жыцця Юрчанкаў былі да краёў напоўненыя працай, клопатамі пра сына і дачку. Работа па дому клалася ў асноўным на жонку. Генадзь Панкратавіч, які працаваў спачатку прарабам, а потым намеснікам дырэктара саўгаса імя Кароткіна, у прыпар затрымліваўся на рабоце да позняга. А Ганна Дарафееўна паспявала ўсё: і карову падаіць, і сена падвярнуць, і градкі прапалоць. Кажа, што дапамагалі энергічнасць і прыродная вынослівасць.
Генадзь Панкратавіч і Ганна Дарафееўна Юрчанкі выгадавалі добрых дзяцей, ганарацца сваімі чатырма ўнукамі. Азіраючыся на пражытыя гады, з гордасцю кажуць: “Мы былі шчаслівыя – у абодвух спакойны пакладзісты характар. Такога ж шчасця і разумення жадаем сваім дзецям і ўнукам”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №17 ад 01.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *