Обольский керамический завод подготовил новогодние сувениры

Новости Экономика

Сувеніры з керамічнага

Напярэдадні навагодніх святаў многа работы ў работнікаў участка керамікі Обальскага керамічнага завода. У руках майстроў, што працуюць на ўчастку,  нараджаецца  сувенірная прадукцыя – керамічныя вазы, статуэткі, пано, медалі…
“Асабліва цікавымі і напружанымі бываюць тры апошнія месяцы года, – адзначаюць апраўшчыкі-чысцільшчыкі ўчастка керамікі ОКЗ Т. М. Чарвінская і К. А. Баранава. – Менавіта ў гэты час прыдумваем і робім навагоднія сувеніры”.
Зараз абальчане прапаноўваюць вялікі асартымент сваёй прадукцыі з выявай сімвалу 2018 года – Сабакі. Бульдог са шчырай усмешкай, шыкоўная балонка, мілы далмацінец і шмат іншых статуэтак стануць  арыгінальным падарункам для кожнага. “Святочныя, асабліва навагоднія сувеніры – гэта заўжды палёт фантазіі, – расказваюць майстры. – Сабак, як і любы іншы керамічны выраб, прыдумваем самі. Аднаму падорым костачку ў лапы, другому банцік павяжам, трэцяму ўсмешку зробім. Увогуле, мы яшчэ поўнасцю не прайшліся па ўсходнім календары, бо працуем толькі па сем год”.
“Сувенірная прадукцыя з сімволікай года запатрабаваная, – падсумоўвае дырэктар ОКЗ Павел Манак. –  Карыстаецца попытам як на Віцебшчыне, так і ў Расіі. Асабліва каштоўна тое, што кожны сувенір – карпатлівая ручная праца. У нас не бывае дзвюх аднолькавых работ – кожны керамічны выраб эксклюзіўны. Таму, зразумела, пра вялікія аб’ёмы казаць не прыходзіцца. Тым не менш, у мінулым годзе навагодніх сувеніраў рэалізавалі на 15,9 тысячы рублёў. Упэўнены, што і сёлета керамічныя выявы сімвала 2018 года хутка знойдуць сваіх гаспадароў”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №99 ад 22.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *