В Шумилинском районе продолжается акция «Безопасный Новый год»

Безопасность Общество

Наказ на бяспечны Новы год

У ходзе прафілактычнай акцыі “Бяспечны Новы год” ва ўстановах адукацыі раёна напярэдадні зімовых канікулаў прайшлі сходы, на якія былі запрошаны школьнікі, бацькі і педагогі. У акцыі задзейнічаны супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага аддзела ўнутраных спраў і іншых зацікаўленых структур.

У мінулую сераду, 20 снежня, сходы прайшлі у Язвінскім дзіцячым садзе, Башнёўскай СШ і раённай гімназіі.
Пра папярэджанне правапарушэнняў, траўматызму, адказнасць за ўжыванне алкаголю і наркотыкаў непаўналетнімі расказала старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Алена Селязнёва. “Не пакідайце малых дзяцей адных, – звярнулася да бацькоў Алена. – Некалькі хвілін дастаткова, каб здарылася трагедыя. Так, напрыклад, у лістападзе адбылася надзвычайная сітуацыя ў адным з шумілінскіх інтэрнатаў. Маці пайшла за малым у дзіцячы сад, пакінуўшы дома дваіх дзяцей. Меншы ўключыў электрапліту, на якой стаяла патэльня.  Малых эвакуіравалі з пакою выратавальнікі”.
Сёлета ў раёне зарэгістравана 17 пажараў, у якіх адзін чалавек загінуў.   Такую сумную статыстыку прывёў інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Дзмітрый Гушчын. Ён больш падрабязна спыніўся на бяспечнасці навагодніх і калядных святаў, нагадаў правілы карыстання навагоднімі гірляндамі.
“Петарды і іншыя піратэхнічныя вырабы сталі аднымі з галоўных атрыбутаў навагодніх святаў, – расказаў Дзмітрый Гушчын. – Іх неабходна набываць толькі ў правераных гандляроў. Дарэчы, у нашым раёне ні адзін з прадпрымальнікаў не атрымаў дазвол на права гандляваць піратэхнічнымі вырабамі”.
На сходах яшчэ раз нагадалі пра небяспеку, які тоіць тонкі лёд: “На лёд можна выходзіць толькі ў тым выпадку, калі яго таўшчыня больш чым 7 сантыметраў!”
“Сумна, што перад каляднымі і навагоднімі святамі рэзка пабольшала дзяцей у сацыяльным прытулку ў Обалі. Некаторыя бацькі з-за сваіх “святкаванняў” забываюць пра дзяцей, – адзначыла спецыяліст сацыяльна-педагагічнага цэнтра аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Марына Шарафутдзінава. – Падарыце сваім дзецям навагоднюю казку. Зрабіце ўсё, каб Новы год стаў утульным і бяспечным”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *