В Шумилино прошла районная спартакиада на призы объединения организаций профсоюзов Шумилинщины

Актуалии Новости Спорт, туризм

Настаўнікі – лепшыя

22-23 снежня ў Шуміліне прайшла раённая спартакіяда на прызы аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Шумілінскага раёна. За перамогу змагаліся 15 каманд, прычым, большасць каманд узначальвалі кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў.
Цікавай барацьбы і спартыўных дасягненняў пажадалі ўдзельнікам спартакіяды падчас урачыстага адкрыцця старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў і старшыня аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Шумілінскага раёна Васіль Юхнавец.
Кожны з удзельнікаў мог паспрабаваць сябе менавіта ў “сваім” відзе спорту. А выбраць было з чаго – гэта і спаборніцтвы па шашках, настольным тэнісе, валейболе, стральбе, гіравым спорце, скачках у даўжыню і бадмінтоне. Дарэчы, спаборніцтвы па бадмінтоне ў нашым раёне прайшлі ўпершыню. Спартыўныя баталіі разгарнуліся на чатырох пляцоўках – у спартыўных залах СДЮШАР і ФАЦ, у зале аэробікі ФАЦ і ў Шумілінскай СШ №1.
Каманды добра падрыхтаваліся да спартакіяды. Гэта ў сваю чаргу падарыла вострую барацьбу на пляцоўках і непрадказальныя вынікі, якія былі ў спаборніцтвах па валейболе, настольным тэнісе і іншых відах.
Пры такой колькасці ўдзельнікаў павінна была перамагчы тая каманда, якая стабільна і роўна выступіць ва ўсіх спартакіядных відах. Гэта разумелі і спартсмены, чые каманды змагаліся за прызавую тройку. Так што барацьба ішла літаральна за кожнае ачко.
Па выніках спартакіяды першае месца заняла каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, другое месца занялі спартсмены Обальскага керамічнага завода, трэцяе – спартсмены райгазу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *