В Шумилино прошёл парад Дедов Морозов

Актуалии Культура Новости

За некалькі крокаў да казкі

Як хутка нараджаюцца традыцыі! Год-другі – і мы ўжо чакаем, каб зноў паўтарылася тое, што некалі прынесла столькі радасці. Асабліва, калі справа тычыцца казкі…
На некалькі крокаў гэту самую казку да нас наблізіў парад Дзедаў Марозаў, які прайшоў у райцэнтры ў мінулую пятніцу. Усе ведаюць, што калі ты сам не наладзіш для сябе свята, то за цябе гэтага ніхто не зробіць. Таму ў калектывах нашых арганізацый і прадпрыемстваў даўно “выхавалі” сваіх Дзедаў Марозаў, Снягурак, усялякіх Бабак Ёжак і Лесуноў для таго, каб было на каго ўскласці адказнасць за святочны навагодні настрой. І яны з гэтай задачай выдатна спраўляюцца – робяць самае доўгачаканае свята яшчэ больш яркім. І няважна, што гэта здараецца раз на год.
І вось бліжэй да прызначанага часу на галоўную плошчу горада падцягваецца народ, усе з нецярпеннем паглядваюць у той бок, адкуль звычайна з’яўляецца святочная працэсія. Людзі рыхтуюць фотаапараты і мабільнікі, бацькі паднімаюць на рукі дзетак, каб тым было лепш бачна. Амаль 270 самых разнастайных казачных персанажаў, сярод якіх 57 навагодніх пар – Дзедаў Марозаў са Снягуркамі, запаўняюць плошчу. І ўсім адразу становіцца весела, і  людзі, бы па камандзе, прыстройваюцца да шэсця, і ўсе разам ідуць у гарадскі парк, дзе і праходзяць галоўныя народныя гулянні.
Там сцэну “захопліваюць” прафесіяналы – работнікі культуры – і класічнымі мазкамі “пішуць” карціну навагодняга свята. З абавязковымі выпрабаваннямі для герояў, з загадкамі, песнямі і карагодамі, з нязменным “раз, два, тры – ёлачка, гары!”.
А ў Дзедаў Марозаў свая задача – “прымаць” вершыкі ад хлопчыкаў і дзяўчынак і раздаваць за гэта цукеркі. Да некаторых чырванашчокіх выстройваліся цэлыя чэргі, як, напрыклад, да Дзеда Мароза ад райбыткамбіната, ролю якога на сябе ўзяў сам дырэктар Віктар Бабічаў. І галоўны шумілінскі Дзед Мароз таксама надоўга затрымаўся пад ёлкай, якую сам жа і запаліў: вершамі не адпускалі дзеткі, а дарослыя – жаданнем сфатаграфавацца.

Думаецца, што гэты вечар істотна папоўніў стужкі ў сацыяльных сетках фатаграфіямі з навагоднімі хэштэгамі.

Парад Дзедаў Марозаў сёлета быў падтрыманы кірмашом, дзе можна было набыць сёе-тое да навагодняга стала, разжыцца сувенірамі, падпісацца на раёнку і іншыя перыядычныя выданні. А таксама – купіць зялёную прыгажуню, за якую работнікі лясгаса прасілі ад 9-ці рублёў за штуку.

Да позняга вечара ў парку іграла музыка, а галоўная ёлка раёна з таго дня кожны вечар запальваецца для нас мноствам навагодніх ліхтарыкаў, абвяшчаючы, што зараз мы жывем у час цудаў і спаўнення ўсіх жаданняў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2018 г.



1 комментарий по теме “В Шумилино прошёл парад Дедов Морозов

  1. Красиво, ярко, оригинально. Радость детям и не только. Спасибо организаторам праздника и артистам.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *