В Шумилинском районе проходят новогодние благотворительные мероприятия

Актуалии Общество

Навагодні карагод цудаў

Новы год – казачнае, чароўнае свята для кожнага чалавека. Асабліва радуюцца ўпрыгожанай ёлцы, прыходу Дзеда Мароза і Снягуркі дзеці.  Яны вераць у навагоднія цуды, у тое, што жаданні, загаданыя пад ёлкай, абавязкова здзейсняцца. Перад Новым годам у раёне ў розных установах ладзіліся дабрачынныя навагоднія мерапрыемствы.
27 снежня ў Шумілінскай СШ №1  прайшла раённая дабрачынная ёлка. На святочны ранішнік запрасілі больш за сто дзяцей са шматдзетных і апякунскіх сем’яў, дзяцей-сірот, пераможцаў розных конкурсаў і спаборніцтваў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава павіншавала ўсіх з надыходзячым Новым годам, адзначыла, што 2017 год для кожнага быў адметным, паспяховым  і непаўторным: адны заявілі пра сябе ў вучобе, другія – у музыцы, трэція – у спорце. Ірына Мікалаеўна пажадала дзецям здзяйснення самых запаветных мар.
Народны тэатр раённага цэнтра культуры падарыў прысутным спектакль-казку “Цар-дзяўчына”. Артысты прымусілі перажываць і хвалявацца за галоўных герояў і атрымалі доўгія і гучныя апладысменты юных гледачоў пасля завяршэння казкі.
А затым  раённы цэнтр дзяцей і моладзі запрасіў усіх на канцэртна-забаўляльнае  прадстаўленне “Новы год у Прастаквашыне”. Зразумела, не абышлося свята без Дзеда Мароза і  Снягуркі, навагодніх карагодаў…
*  *  *
Дабрачынная пераднавагодняя акцыя прайшла 27 снежня і ў сацыяльным прытулку ў Обалі.

Арганізатары пастараліся, каб кожнаму маленькаму ўдзельніку свята (а гэта былі дзеці з прытулка і дзіцячага дома сямейнага тыпу) было цікава і весела.  Сапраўдную казачную атмасферу стварылі кот Базіліа і ліса Аліса, сімвалы гэтага і надыходзячага года – Певень і Сабака, і, зразумела, Дзед Мароз і Снягурка (дарэчы, артыстамі на гэты вечар сталі работнікі сацыяльнага прытулка і са сваімі казачнымі абавязкамі па стварэнні добрага святочнага настрою справіліся выдатна).
Дзеці паверылі ў казку, у навагоднія цуды. Яны весяліліся, спявалі і танцавалі. У дзетак з прытулка было двайное свята, бо да кожнага з іх прыехалі і бацькі. І так хочацца верыць, што здзейсніцца самае запаветнае дзіцячае жаданне: бацькі больш не зробяць так, каб іх дзеці былі ў прытулку, а самі будуць ствараць для малых сямейныя святы.
З надыходзячым Новым годам павіншавала дзяцей намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ірына Іванаўна ўручыла сацыяльнаму прытулку падарункі. У гэты вечар з падарункамі прыехалі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, суда і пракуратуры Шумілінскага раёна, раённага аддзела Следчага камітэта, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага аддзела прымусовага выканання, занальнага вузла электрасувязі, ДРБУ-204, Обальскай СШ, адасобленай групы АРВК. Павіншаваў дзяцей з Новым годам і былы дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін і падарыў па традыцыі вядзерца мёду.
*  *  *
26 снежня прайшла дабрачынная ёлка ў дзіцячым аддзяленні  раённай бальніцы.

Васьмікласнікі Шумілінскай СШ №1 (класныя кіраўнікі Л. Б. Сіліна і С. У. Марозава) стварылі святочную атмасферу 18 маленькім пацыентам і іх бацькам.
Шчырымі і добрымі аказаліся розныя казачныя персанажы, таму  малыя з радасцю ўдзельнічалі ў конкурсах і забавах.  Радасцю свяціліся вочы дзяцей, калі ў залу ўвайшлі Дзед Мароз і Снягурка. І адразу закружыліся навагоднія карагоды, дзеці  ўспаміналі зімовыя вершы і спявалі песні.
А дапамаглі напоўніць падарункамі мяшок Дзеду Марозу аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА БРСМ, Шумілінская СШ №1 і адасобленая група АРВК.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 101 ад 29.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *