Дед Мороз живёт в Шумилинской резиденции

Актуалии Культура Новости

Навагоднія прыгоды ў рэзідэнцыі Дзеда Мароза

Жоўты школьны аўтобус пад’язджае да дэндрапарка лясгаса, а ля варот дзяцей сустракаюць казачныя Пятрушкі. З жартамі, прымаўкамі ды прыказкамі яны прапануюць дзецям прайсці па сцяжынках парка і знайсці дом Дзеда Мароза. Шлях няпросты: то Матрошка ды Пятрушка прапануюць разблытаць казкі, якія перамяшаліся паміж сабой, то Папялушка загадкі загадвае, то Іншапланяцяне танцавальны марафон прапануюць, то Кот Баюн ды Казачніца з дарогі збіваюць.
Альтанка на высокім узгорку аформлена пад хатку Дзеда Мароза: гаспадар навагодніх святаў разам з унучкаю Снягуркай адгукаюцца, выходзяць, віншуюць дзяцей са святам і ўцягваюць у новыя прыгоды. Дзея працягваецца вакол навагодняй ёлкі, якая расце прама ў парку. Як належыць у казках, усё заканчваецца добра, а шчаслівыя, радасныя дзеці адпраўляюцца дамоў.
Гэтыя казачныя прыгоды ў “Шумілінскай рэзідэнцыі Дзеда Мароза” сёлета ўпершыню наладзілі работнікі раённага цэнтра культуры, Обальскага гарадскога Дома культуры  і Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу. За два дні больш за 250 дзяцей з дзіцячых садоў і школ раёна змаглі паўдзельнічаць у навагодніх прыгодах.
Упэўнены, што Шумілінская рэзідэнцыя Дзеда Мароза стане новай святочнай традыцыяй. Тым больш, што дэндрапарк, створаны рукамі работнікаў Шумілінскага лясгасу, з’яўляецца прыгожым кутком, дзе можна прагуляцца па сцяжынках, пабачыць розныя лясныя дзівосы і цудоўна адпачыць.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №1 ад 04.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *