Победителем конкурса «Уши, лапы, хвост — мой любимый пёс» стала Елена Садохина

Актуалии Новости

Пераможца вызначаны. Прыз уручаны

Напрыканцы мінулага года рэдакцыя аб’явіла фотаконкурс “Вушы, лапы, хвост – мой любімы пёс”, прапануючы нашым чытачам падзяліцца фотаздымкамі сваіх любімцаў.
Вельмі актыўна адгукнуліся нашы падпісчыкі і даслалі ў рэдакцыю больш за сотню фота сабак і сабачак.  У фінал мы адабралі 22 самыя якасныя і цікавыя, на наш погляд, фотаздымкі, з сюжэтам і, як кажуць, характарам.
Пасля таго, як фотаздымкі фіналістаў былі надрукаваны ў навагоднім нумары газеты (а было гэта 29 снежня), на афіцыйным сайце www.shumilino.by літаральна пад бой курантаў разгарнулася нежартоўнае галасаванне за самы лепшы фотаздымак.

У галасаванні прынялі ўдзел 1021 чалавек.
2 студзеня галасаванне было спынена. Мы падлічылі галасы.

Пераможцай з 230 галасамі стала фотаработа Алены Садохінай “Шчаслівага Новага года!” – фота сюжэтнае, навагодняе, з Дзедам Марозам, Снягуркай і сімвалам 2018 года – сабакам (тут у галоўнай ролі выступіла спаніэль Герда).
У чацвер Алена Садохіна з усёй сваёй групай падтрымкі – галоўнымі героямі фота – атрымала галоўны прыз ад спонсара фотаконкурсу – “Зоамагазіна” ІП Святланы Галузы.  Гэта стаў сертыфікат на суму 20 рублёў.
Сертыфікат практычна адразу трапіў у лапы Гердзе, якая хутчэй за ўсё вырашыць атаварыцца тут самым смачным кормам.
Думаем, многім будзе цікава даведацца, як выглядае пяцёрка пераможцаў. Вось вынікі:
1. “Шчаслівага Новага года!”, Алена Садохіна (230 галасоў)
2. “Б’янка”, Святлана Бельская (142)
3. “На прагулцы”, Вольга Лабейка (114)
4. “Рычы”, Таццяна Лявонава (105)
5. “Мікі”, Вольга Масько (95).

Дарэчы, аўтары ўсіх апублікаваных фотаздымкаў атрымаюць у якасці заахвочвання ганарар.
Дзякуй усім за ўдзел, за актыўнасць, за творчасць, за інтарэс, урэшце, за тое, што любіце сабак і даглядаеце іх як след.
З Новым годам, годам Сабакі! Будзем разам!
Алена КАРПУШЭНКА.
На здымку: Святлана Галуза, Алена Садохіна і героі фотаздымка – сям’я Логінавых.
Надрукавана ў №2 ад 06.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *