Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў в. а. першага намесніка начальніка РАУС Аляксей Іспянькоў.
Тэлефон
У РАУС звярнулася жыхарка а.-г. Кардон, якая расказала, што яе абрабавалі ў кафэ “Вясёлы таўстун”– укралі мабільны тэлефон. Жанчына, якая прызналася, што на некаторы час пакідала свой рукзак, у якім знаходзіўся мабільнік, без нагляду. Па факту крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа. Шкада, што пацярпелая напісала заяву ў міліцыю не адразу, а толькі праз дзесяць дзён.
Мёд
Жыхар в. Гаравыя прыкмеціў, што з пчаліных домікаў на ягонай пасецы пачалі прападаць рамкі з мёдам. Так, нядаўна знікла шэсць рамак агульнай вагой васямнаццаць кілаграмаў. Урон, нанесены гаспадару, складае 1930 рублёў. Узбуджана крымінальная справа, злачынца вышукваецца.

Са зводак ДАІ
Кола
На аўтадарозе Віцебск-Полацк адбылося ДТЗ. Вадзіцель рэйсавага аўтобуса з Глыбокага перад выездам на лінію не праверыў тэхнічны стан аўтамабіля. У выніку ў час руху ў аўтобуса адкруцілася задняе левае кола, пакацілася на сустрэчную паласу руху і пашкодзіла аўтамабіль “Фальксваген-Джэта”, на якім ехаў жыхар Віцебска.
На жыхара Глыбокага складзены адміністрацыйны пратакол, які для далейшага разгляду адпраўлены па месцы жыхарства парушальніка. Да адказнасці будзе прыцягнута і службовая асоба, якая выпусціла на лінію няспраўны аўтобус.
Выбоіна
Жыхар Віцебска, які рухаўся па аўтадарозе Гарадок-Ула-Камень на “Рэно-Лагуне”, наехаў на вялікую выбоіну, у выніку чаго пашкодзіў аўтамабіль. Да адміністрацыйнай адказнасці (штраф да 20 БВ) прыцягнута службовая асоба ДЭУ-36, якая адказвае за ўтрыманне дарогі ў бяспечным стане.
Наезд
Жыхар Шуміліна, які рухаўся заднім ходам па вуліцы 70 год БССР у райцэнтры, наехаў на “Таёту”, што стаяла на абочыне. Абедзвюм машынам патрабуецца рамонт. На віноўніка ДТЗ складзены адміністрацыйны пратакол, мужчыну выклікалі на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.
Без правоў
У Сіроціне затрыманы жыхар а.-г. Мішневічы, які ехаў на “Рэно” без тэхагляду і без правоў. Пагражае штраф да 20 БВ.

Са Следчага камітэта
Абавязаная
З 2011 года жыхарка аг. Светласельскі з’яўляецца абавязанай асобай і павінна выплачваць сродкі на ўтрыманне дзяцей (на сённяшні дзень запазычанасць перад дзяржавай амаль 6 тысяч рублёў). Апошнім часам жанчына працавала ў ПМК-70, аднак на работу не хадзіла тыднямі. Нядаўна сваякі заявілі ў праваахоўныя органы аб яе знікненні. Знайшлася “прапажа” перад Новым годам. Як паведаміў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрый Трошчанка, на абавязаную асобу ўзбуджана крымінальная справа. У выпадку нявыхаду на працу ці за непрыход у праваахоўныя органы яна будзе ўзята пад варту.
Сямейнае насілле
Раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь завяршае крымінальную справу ў адносінах да жыхара Крывога Сяла, які сістэматычна збіваў сваю сужыцельку. Следчымі ўстаноўлены тры падобныя факты. Мужчына можа пазбавіцца волі да трох год.
Падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №3 ад 09.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *