Криминал. Происшествия

Происшествия

Дэпартаваны
Участковым інспектарам РАУС за-трыманы ўраджэнец Латвіі, які, не маючы грамадзянства, незаконна пражываў на тэрыторыі нашага раёна. Больш таго, год таму ён быў дэпартаваны з Беларусі, прыязджаць сюды яму забаранялася да красавіка гэтага года. Аднак мужчына незаконна прыехаў у нашу рэспубліку, жыў тут у вёсцы Гаравыя. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае арышт ад трох да шасці месяцаў або пазбаўленне волі да трох гадоў.
Сала
У пенсіянера з вёскі Захарава злодзеі ўкралі два кавалкі сала, фарш, закаткі і іншыя прадукты харчавання. Па гарачых слядах злачынца быў знойдзены, ім аказаўся жыхар Шуміліна, які раней быў судзімы за кра-дзеж. Злачынца затрыманы.
Кантэйнер
Адміністрацыя УП ЖКГ паведаміла ў міліцыю, што ў аграгарадку Светласельскім з вуліцы Паўночнай знік кантэйнер для цвёрдых бытавых адыходаў. Урон, нанесены камунгасу, складае амаль 900 тысяч рублёў. Злачынцы вышукваюцца.
“Віцязь”
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар Шуміліна, які паведаміў, што з ягонай кватэры прапаў тэлевізар “Віцязь”. Неўзабаве злачынцы былі знойдзены: на чужы тэлевізар паквапіліся два браты з Шуміліна. Па факту крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Пажар
На вуліцы Іспянькова, што ў Язвіне, загарэўся жылы дом. Агнём знішчаны дах, пашкоджаны сцены і дахавае перакрыццё. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення.
Веласіпед
І зімою ў нас знаходзяцца экстрэмалы, што ездзяць на веласіпедах. Больш таго, яны не берагуць не толькі сябе, але і свае веласіпеды, пакідаюць іх каля пад’ездаў, у дварах, ля прадпрыемстваў. Так, нядаўна у жыхаркі райцэнтра “увялі веласіпед” ад магазіна “Вежа”.
Наогул, па раёне за мінулы год зарэгістравана 39 такіх крадзяжоў, а па вобласці – больш за пяцьсот.
Аварыя
На аўтадарозе Віцебск-Полацк (ля павароту на Пабеду) адбылася аварыя. Жыхар Мікіціхі на аўтамабілі “Фольксваген-Пасат”  і жыхар Полацка на “Рэно-Трафік” ехалі ў адным накірунку – з боку Шуміліна. “Фольксваген-Пасат” стаў паварочваць у бок Пабеды. А ў гэты час машыну абганяў “Рэно-Трафік”, які урэзаўся ў “Фольксваген”.
У выніку дарожна-транспартнага здарэння пацярпелі чатыры чалавекі: вадзіцель і тры пасажыры “Фольксвагена”. Пацярпелыя знаходзяцца на лячэнні ў бальніцы. Падрабязнасці аварыі высвятляюцца.
П’янства
Непрацуючы жыхар Міхіціхі  восенню мінулага года трапіў у поле зроку інспектараў дарожна-патрульнай службы – у нецвярозым стане ён ехаў на легкавым аўтамабілі. Вясковец быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў і атрымаў 1 мільён 225 тысяч рублёў штрафу. Нягледзячы на гэта, нядаўна мужчына зноў сеў за руль “Жыгулёў”. І зноў нецвярозы. Цяпер супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2012.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *