Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць

Актуалии Культура

Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць

Удзельнікі вакальнай дзіцячай і дарослай груп, а таксама іх кіраўнікі, што працуюць у Слабадскім Доме культуры, ужо каторы год аднаўляюць забытыя старажытныя народныя святы. У прыватнасці, на Нараджэнне Хрыстова па аграгарадку хадзіла Каляда.
“Да гэтага свята рыхтаваліся загадзя – падбіралі сцэнарый, развучвалі песні і вершы, – расказала дырэктар Дома культуры Вольга Пырх. – Абрадавыя песні спявалі толькі на беларускай мове. Землякі нас сустракалі вельмі добра, частавалі прысмакамі. Усе дзякавалі за віншаванні, пажаданні дабрабыту і шчасця. Асабліва рады былі калядоўшчыкам людзі сталага ўзросту. Тым больш, што некаторыя з іх у маладосці прымалі актыўны ўдзел у гэтым свяце народнага календара, якое з часоў далёкай старажытнасці мела магічны сэнс. Праз падобныя рытуалы, як лічылі нашы продкі, можна заручыцца падтрымкай Бога на ўвесь год. Ад нашых сталых землякоў мы даведаліся, што даўней  людзі казалі: “Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць”. І тыя, да каго яны не зайшлі, нават крыўдзіліся”. Вось і некаторыя жыхары аграгарадка Слабада, да каго не паспелі зайсці калядоўшчыкі,  у пачатку гэтага тыдня “абрывалі тэлефоны” мясцовага Дома культуры і прасілі прыйсці калядаваць на Стары Новы год. Так што самадзейныя артысты зноў рыхтуюць касцюмы Казы, Цыганкі, Матрошкі, Павадыра, каб заўтра, 13 студзеня, зноў адправіцца віншаваць сваіх землякоў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №4 ад 12.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *