На заседании Шумилинского райисполкома обсудили вопросы животноводства

Актуалии Президент Экономика

Становішча ў жывёлагадоўлі трэба выпраўляць

На парадак дня першага ў 2018 годзе пасяджэння райвыканкама, якое правёў кіраўнік раёна Аляксандр Снараў,  было вынесена адно пытанне – “Аб стане вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна за 2017 год”.

З дакладам выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталь Коваль.
Дакладчык адразу ацаніў сітуацыю на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу раёна як няпростую. Асноўны паказчык, па якой ацэньваецца дзейнасць прадпрыемстваў АПК,  тэмп росту валавой вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. У раёне гэты паказчык за 2017 год склаў 94,5% да ўзроўню 2016 года, у тым ліку ў жывёлагадоўлі – 94,8%. У якасці прычын такога становішча Віталь Уладзіміравіч назваў парушэнне тэхналагічнай і выканаўчай дысцыпліны, нерацыянальнае выкарыстанне кармоў, недахоп сродкаў для закупу канцэнтратаў.
Па выніках 2017 года вытворчасць малака склала 18,5 тысячы тон ці 94,2% да 2016 года, сярэдні надой на карову знізіўся на 175 кг і склаў 2597 кг. Рост вытворчасці малака забяспечылі толькі ААТ “Лаўжанскае” (116,1%) і КУВП “Шумілінскі райаграсэрвіс” (101,3%). Гэтыя ж гаспадаркі забяспечылі і рост рэалізацыі малака.
Павышэнне тэхналагічнай дысцыпліны да ўтрымання, кармлення, даення, ветэрынарнага абслугоўвання кароў дазволілі павялічыць колькасць малака сорту “экстра” да 63,9% ад агульнай колькасці прададзенага малака, вышэйшым сортам рэалізавана 34,8%, першым – 1,2%. Высокі працэнт рэалізацыі малака сортам “экстра” забяспечылі ААТ “Ляжні” – 78,8%, КУВП “Шумілінскі райаграсэрвіс” – 78,1%, ААТ “АграБаравінка” – 71,3% і “Прыазёрны мір” – 67,4%.
Знізілася вытворчасць (вырошчванне) жывёлы і птушкі ў жывой вазе на 4,9%, у тым ліку птушкі – на 11,9%. Рост прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы (БРЖ) забяспечылі ў мінулым годзе толькі ААТ “Ляжні” і “Лаўжанскае”, КУСГП “Ульскі”.
Нездавальняючая якасць прадукцыі вядзе да фінансавых страт, якія ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна склалі: ад рэалізацыі малака нізкай якасці – 447 тысяч рублёў, ад рэалізацыі БРЖ нізкай вагой – 1737 тысяч рублёў. Агульная сума недаатрыманай выручкі складае 51% ад фонду заработнай платы ў сярэднім за месяц.
На 1 студзеня 2018 года колькасць буйной рагатай жывёлы ў сельгасарганізацыях раёна склала 18259 галоў ці 102,1% да 1.01.2017 г. Колькасць кароў захавалася на мінулагоднім ўзроўні. Дапусцілі зніжэнне колькасці жывёлы ў “Прыазёрным міры” на 496 галоў, “Сіроцінскім” – на 89 галоў, “АграБаравінцы” – на 19 і райаграсэрвісе – на 16 галоў.
Корань праблемы галіны, як адзначыў начальнік райсельгасхарчу, крыецца ў механізме рэалізацыі стратэгіі развіцця, адсутнасці належнай тэхналагічнай і кіраўніцкай дысцыпліны, арыентацыі на вал, а не на эканамічную эфектыўнасць вытворчасці.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў ацаніў работу галіны як нездавальняючую. Былі заслуханы кіраўнікі “Сіроцінскага” – Мікалай Прыгодзіч, “Ульскага” – Валянціна Лабейка, “Прыазёрнага міру” – Васіль Дзяцко, спецыялісты некаторых гаспадарак, дырэктар райплемстанцыі Наталля Бруева, в. а. начальніка ветлячэбніцы Аляксей Жыгуноў. Быў прадстаўлены відэарад, што дэманстраваў фотаздымкі жывёлы, якая патанае ў гноі на фермах райаграсэрвісу. Пытанні, якія задаваліся кіраўніком раёна, тычыліся ўзнаўлення статка, пакрыцця кароў і цёлак, абследавання, лячэння і ўтрымання жывёлы. Старшыня райвыканкама неаднаразова падкрэсліваў, што гэтыя пытанні павінны быць на пастаянным кантролі ўсіх спецыялістаў, бо ад іх залежыць  перспектыва развіцця гаспадарак, нагадаў пра персанальную адказнасць за стан спраў на фермах. Без змянення адносін усіх – ад кіраўніка да радавога работніка – да становішча на фермах немагчыма гаварыць пра паляпшэнне сітуацыі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава звярнула ўвагу кіраўнікоў гаспадарак на неабходнасць закупу цялят ад насельніцтва. Лічбы паказваюць, што вяскоўцы ад каровы здаюць малака больш, чым надойваюць у гаспадарках, а значыць вытворчы патэнцыял прыватнай жывёлы дастаткова высокі. А ў мінулым годзе гэта работа была правалена – закупілі 35 цялят супраць 116 у 2016 годзе.
Былі ўзняты іншыя пытанні, якія прама не звязаны з жывёлагадоўляй, але залежаць ад яе вынікаў: плацяжы гаспадарак у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і падаходнага падатку ў раённы бюджэт, пералічэнне прафсаюзных узносаў, забеспячэнне работнікаў спецадзеннем.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №7 ад 23.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *