Веды да рэспублікі давядуць

Актуалии Новости Образование

Веды  да  рэспублікі  давядуць,
або  Пра  тое,  з  якім  вынікам  мы  падыходзім  да  фінішу  галоўнага  вучнёўскага  спаборніцтва  краіны

У краіне поўным ходам ідуць рэспубліканскія алімпіяды па вучэбных прадметах. За плячыма ўжо раённы і абласны этапы. Ёсць нагода падсумаваць вынік, з якім падышоў да фінішу гэтага аўтарытэтнага спаборніцтва Шумілінскі раён. Пра гэта мы пагутарылі з галоўным спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аксанай Талстой.
На раённым узроўні свае веды выпрабоўвалі 212 удзельнікаў. Вынікам першага этапа сталі 76 дыпломаў. Як гэта заўжды бывае, некаторыя дзеці змаглі выступіць больш як па адным прадмеце. Найбольш выніковымі былі выступленні па такіх вучэбных прадметах, як беларуская мова і літаратура і працоўнае навучанне. Горш мінулагодняга паказчыку аказаліся выступленні па хіміі, гісторыі, фізіцы. Недастатковай для ўдзелу ў абласным этапе аказалася выніковасць па рускай мове і літаратуры, замежнай мове.
Вынікам раённага этапа сталі чатыры дыпломы I ступені, 21 дыплом II ступені і 51 дыплом III ступені. СШ №1 і раённая гімназія заваявалі па 26 дыпломаў рознай ступені вартасці, але калі на рахунку гімназіі два дыпломы I ступені, то ў СШ №1 такіх дыпломаў няма: з 26-ці заваяваных прызавых месцаў – 18 дыпломаў III ступені.
Асобна А. Г. Талстая адзначыла дасягненні ў раённай алімпіядзе вучняў Обальскай школы – 10 дыпломаў. З сельскіх школ лепшы вынік паказала Мікіціхінская СШ – 5 дыпломаў. А вось СШ №2 пакуль “затаілася”.
Два вучні на раённым этапе алімпіяды дэманстравалі свае веды адразу па трох вучэбных прадметах. Кацярына Гарохава (гімназія) – руская, беларуская і англійская мовы. Аляксандр Наважылаў (Обальская СШ) – матэматыка, фізіка і хімія.
Каманда Шумілінскага раёна, якая ўзяла ўдзел у абласным этапе алімпіяд, складалася з 8-мі чалавек, і гэта больш, чым летась. У яе склад увайшлі шасцёра вучняў з раённай гімназіі і двое – з СШ №1. Гэта традыцыйна такія прадметы, як беларуская мова, матэматыка, біялогія, а таксама інфарматыка, геаграфія, грамадазнаўства і фізіка.
Вынікам абласнога этапа для нашага раёна сталі тры дыпломы. Дыплом II ступені па беларускай мове заваявала адзінаццацікласніца Кацярына Гарохава з гімназіі (настаўнік Алена Васілеўская), дыплом III ступені па біялогіі заваявала дзесяцікласніца СШ №1 Карына Лінкевіч (настаўнік Вольга Церашчук), дыплом III ступені па беларускай мове прывезла вучаніца 9-га класа раённай гімназіі Алена Валекава (настаўнік Надзея Каротчанка).
У цэлым, па ацэнцы аддзела адукацыі, спорту і турызму, наша каманда выступіла нядрэнна і замацавалася недзе ў сярэдзіне зводнай табліцы па вобласці. Калі параўноўваць з мінулым годам, то на нашым рахунку плюс адзін дыплом.
Кацярыну Гарохаву, якая паказала пяты вынік у вобласці, заваяваўшы дыплом II ступені, запрасілі да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. “Такога не здаралася ўжо гадоў пяць”, – прыпомніла Аксана Талстая.
Выніковасць удзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах умацоўвае, у тым ліку, рэйтынг школ і настаўнікаў, узровень адукацыі наогул. Заўжды няпроста бывае ўдзельнічаць на роўных, напрыклад, у алімпіядах па хіміі і біялогіі, бо для гэтага неабходна адпаведная матэрыяльная база. Але ў СШ №1 нядаўна на самым сучасным узроўні быў абсталяваны вучэбны кабінет па хіміі, што дасць магчымасць праводзіць міжшкольныя факультатыўныя заняткі. Што, у сваю чаргу, павінна павысіць канкурэнтаздольнасць нашых вучняў адносна гарадскіх. Таксама наладжана супрацоўніцтва з ВДУ імя П. М. Машэрава: вучні наведваюць факультатыўныя заняткі па біялогіі, якія даюць выкладчыкі ўніверсітэта. І калі летась за такую падрыхтоўку трэба было плаціць, то сёлета паміж ВДУ і аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама заключаны дагавор, дзякуючы якому дзеці навучаюцца бясплатна. Дарэчы, Карына Лінкевіч таксама наведвае гэтыя факультатыўныя заняткі, што, можна не сумнявацца, дапамагло дзяўчыне заваяваць дыплом.
Наперадзе апошні этап галоўнага спаборніцтва па ведах краіны. Пажадаем поспеху нашай зямлячцы Кацярыне Гарохавай!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №8 ад 26.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *