Почему ягоды «проходят» мимо заготовителей райпо…

Общество Экономика

Ягады “пайшлі” ў суседні раён
Сёлета ў ліпені сапраўдны чарнічны бум: ягад у лесе многа, толькі не лянуйся збіраць. У каго ёсць ахвота, каму дазваляюць час і здароўе, на чарніцах можна няблага зарабіць. Але ў некаторых вёсках у сярэдзіне мінулага тыдня сутыкнуліся з праблемай: не было куды здаць ягады. Як, напрыклад, у аграгарадку Крывое Сяло. “Ягаднікаў сёлета ў лясах значна менш, чым у мінулыя гады, – расказвае мясцовая жыхарка Ганна Стасенка. – Хадзіла ў ягады ў Курылаўшчыну і Фатынь, дык другі раз і чалавека не сустракала. Ці то людзі лянуюцца, ці махнулі рукой на гэту справу – маўляў, усё роўна мясцовы магазін не прымае чарніцы”.
І не толькі магазін у Крывым Сяле, але і ў Навіках і Полькавічах. Заходзім у гэтыя магазіны. Тэмпература паветра ў крывасельскім ў гэтыя спякотныя дні зашкальвае за плюс трыццаць градусаў. Загадчыца магазіна Галіна Сахно спрабавала летась прымаць чарніцы, але транспарт за імі прысылалі несвоечасова, ягады “пацяклі”, прыйшлося яшчэ і грошы заплаціць за некандыцыю. Праўда, ёсць ў магазіне халадзільнік, але ж кампрэсар у ім не працуе з мінулага года.
Няма патрэбных умоў для захоўвання чарніц і ў навікоўскім магазіне, пра гэта нам расказала загадчыца Алена Аўчыннікава. Некаторыя вяскоўцы прызвычаіліся перадаваць вядзерца ягад у райспажыўтаварыства праз вадзіцеля хлебнай машыны. Але ж ён не можа збіраць ягады з усіх вёсак. Вось і едуць ягаднікі з блізляжачых вёсак у Бешанковічы – там у магазінах райспажыўтаварыства прымаюць чарніцы ў неабмежаванай колькасці. Ці, напрыклад, вязуць прадпрымальнікам у Полькавічы. Праўда, пераадолець амаль паўтара дзесятка кіламетраў, скажам, на веласіпедзе ў спякоту не так і лёгка…
Так, ягады “імігрыруюць” у суседні раён. Наколькі гэта выгадна райспажыўтаварыству? “Ды зусім нявыгадна, – гаворыць начальнік аддзела нарыхтовак Юрый Глаўдзель. – Нам жа даведзены план – чарніц і дурніц павінны сёлета закупіць сем тон. Не дадае нам гонару, што ўпусцілі час, але на гэтым тыдні актывізавалі работу па нарыхтоўцы. У Крывым Сяле, напрыклад, нанялі пазаштатнага нарыхтоўшчыка, завезлі скрыні і вагі. Ягады мяркуем забіраць праз дзень”.
У канцы мінулага тыдня пацікавіліся, як ідзе нарыхтоўка. “У першы дзень прынеслі трыццаць кілаграмаў ягад, – расказала нарыхтоўшчыца Ірына Жыгунова. – Атрымала заказы яшчэ на семдзесят кілаграмаў. Людзі тэлефануюць, цікавяцца. За ягадамі ў лес накіраваліся нават тыя, хто і не хадзіў раней”.
Складаная сітуацыя ў полькавіцкім магазіне. “Калі ласка, няхай нясуць ягады, буду прымаць, – гаворыць загадчыца магазіна Таццяна Несцярэнка. – Але ж усе ідуць да прадпрымальнікаў, яны прымаюць чарніцы па даражэйшай цане”. Такая ж сітуацыя сёлета склалася ў мішневіцкім магазіне і некаторых іншых. “З сярэдзіны мінулага тыдня мы зрабілі цану на чарніцы такую ж, як і ў прадпрымальнікаў – 19 тысяч рублёў за кілаграм, – працягвае гаворку Юрый Глаўдзель. – Думаю, гэта павінна прывабіць”.
А на Казьяншчыне яны і без таго актыўныя. Тут побач вялікія лясы, таму за чарніцамі ходзяць дарослыя і дзеці. Як расказала загадчыца суравенскага магазіна Жана Лузгіна, мясцовыя жыхары здалі каля двухсот кілаграмаў чарніц. Перашкаджаюць працаваць канкурэнты, якія стаяць з вагамі прама ля лесу – да іх трапляе ягад разы ў тры больш.
Такая ж сітуацыя і ў в. Гульбішча, дзе нарыхтоўшчыкам ад райспажыўтаварыства працуе мясцовая жыхарка Зоя Альхіменка. “Каб людзі пры здачы ягад аддавалі перавагу дзяржаўным магазінам, нам трэба прымаць чарніцы неперабраныя, як прадпрымальнікі”, – лічыць жанчына. Тым не менш, нарыхтоўшчыца з Гульбішча прыняла сёлета больш як паўтоны чарніц. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў сярод вясковых нарыхтоўшчыкаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №56 ад 26.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *