Они не могут без волейбола, волейбол — без них

Новости Спорт

На здымку: Ірына Коржаль, Таццяна Лазоўская, Людміла Харкавец і Рыта Бяззубенка

Жаданне  перамагаць  толькі  павялічылася

Яшчэ гадоў пяць назад валейбольная жаночая зборная нашага раёна выйгравала шматлікія абласныя турніры, якія праходзілі ў Міёрах, Верхнядзвінску, Віцебску і іншых гарадах. “З кожным разам усё складаней і складаней было змагацца супраць маладых валейбалістак, – прызнаецца вядомая валейбалістка Рыта Бяззубенка. – Толькі вось “завязаць” з валейболам – гэта не наша. Хочацца яшчэ выходзіць на пляцоўку і перамагаць”.
Год назад Рыце Бяззубенка прапанавалі выступіць за полацкае “Шкловалакно” ў Вільнюсе ў турніры, у якім бяруць удзел спартсмены ўзростам 40 год і больш. “Менавіта на турніры ўзнікла ідэя аб стварэнні нашай, шумілінска-віцебскай каманды, – расказвае Рыта. – І гэту ідэю адразу падтрымала Людміла Харкавец. Прапанавалі выступаць у нашай камандзе Ірыне Коржаль і Таццяне Лазоўскай. Іх мы даўно ведаем. Яны вучыліся валейболу ў нашай спартыўнай школе і выступалі на самых розных валейбольных турнірах. Ірына і Таццяна жывуць і працуюць зараз у Віцебску, але сваіх шумілінскіх валейбольных каранёў не забываюць”. Так нарадзілася новая валейбольная каманда, за якую выступаюць вопытныя спартсменкі з Шуміліна і Віцебска.
Першым турнірам для новай каманды сталі спаборніцтвы ў Бабруйску. Дэбют выдаўся цудоўным – другое месца. Эмоцыі, радасць перамогі і горыч няўдач, сяброўская падтрымка на пляцоўцы. Тое, без чаго не могуць жыць валейбалісткі. І гэтыя пачуцці зноў вярнуліся да шумілінскіх спартсменак, як самі смяюцца, “хаця нам і за сорак, а эмоцыі, як у дваццацігадовых”.
Прынцыповым стаў для шумілінска-віцебскай каманды турнір у Латвіі. Там сустрэліся на пляцоўцы з камандай “Шкловалакно”. На жаль, у той сустрэчы мацнейшымі  аказаліся полацкія валейбалісткі. Нашы зямлячкі тады занялі трэцяе месца.
За мінулы год каманда паўдзельнічала ў турнірах як у Беларусі, так і ў Польшчы і краінах Балтыі. На ўсіх турнірах каманда трапляла на п’едэстал. Праўда, у спаборніцтвах, што адбываліся за мяжой, не брала ўдзел Людміла Харкавец – у яе няма візы. “Крыўдна, канечне, – адзначае Людміла. – Але выпраўлюся. Спадзяюся, што да турніру ў Рызе, які пройдзе ў лютым, я буду “выязной”.
Пачатак гэтага года выдаўся для валейбалістак насычаным.  Бралі ўдзел на турніры ў Мінску. Камандзе з Віцебска, за якую выступалі  шумілінскія валейбалісткі, супрацьстаялі беларускія, расійская і эстонская каманды. “Занялі другое месца, – адзначыла Людміла Харкавец. – Прыз лепшага іграка прысудзілі Рыце Бяззубенка”.
Нядаўна трое шумілінскіх валейбалістак змагаліся на латышскіх валейбольных пляцоўках. І зноў паспяхова – другое месца.
Валейбол для  Рыты Бяззубенка, Людмілы Харкавец, Таццяны Лазоўскай і Ірыны Коржаль – стыль іх жыцця. Для іх няважна, што дзеля турніраў яны бяруць неаплачваемыя водпускі і ездзяць, зразумела, за свой кошт. Для іх важна адчуць гульню і атрымаць тыя эмоцыя, якія могуць быць толькі на валейбольнай пляцоўцы…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *