Юные шумилинские волейболисты взяли победу в республиканской лиге

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

Так заваёўваюць валейбольную лігу

Валейбольная каманда Шумілінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы стала пераможцам рэспубліканскай дзіцяча-юнацкай лігі па валейболе. Юныя валейбалісты 2003-2004 гадоў нараджэння выйгралі ўсе пяць этапаў лігі і сталі лепшымі ў Беларусі. Віншуем каманду і яе трэнера Аляксея Паршыкава.
Чэмпіёнамі сталі: Данііл Сафонаў (капітан каманды), Аляксандр Лабачоў, Ілья Піульскі, Ілья Хамаганаў, Данііл Абраменка, Станіслаў Бяззубенка, Павел Церашчук, Мікіта Шкулаў, Мікіта Філіпаў, Уладзіслаў Міляк, Улад Раманкевіч.
Шумілінская валейбольная школа даўно заваявала права лічыцца адной з лепшых у рэспубліцы. Гэта наша гордасць, наш фірменны знак.
Мячык, сетка і прага гульні – сёння любое дзіцянё можа прыйсці ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, і яго там прымуць як роднага. Прымуць без усялякіх там умоў, агаворак і спецыяльнага адбору. Хочаш іграць – іграй. Будзеш старацца – станеш чэмпіёнам. Абавязкова станеш.
Раз на некалькі год, як правіла, падбіраецца каманда, што несумненна “выстрэльвае”. Так гавораць між сабой у школе, перакананы ў гэтым і дырэктар ДзЮСШ Алег Асташонак. Сёння гэта валейбольная каманда юнакоў 2003-2004 гадоў нараджэння. І яна не проста “выстраліла”, а ўжо на працягу некалькіх год ідзе па спартыўнай дарозе, практычна не ведаючы паражэнняў. “Падабраліся дзеці, якія маюць вялікае жаданне займацца, працаздольныя і вынослівыя. Не ўсе такія, прызнаюся. Але з гэтымі мне як трэнеру пашчасціла”, – пра тое, у чым сакрэт поспеху менавіта гэтай каманды, кажа яе трэнер Аляксей Паршыкаў. Але зразумела, што асоба трэнера, яго аўтарытэт сярод валейбалістаў іграе надзвычай важную ролю. Дзеці вераць яму, ідуць за ім, з усіх сіл стараюцца апраўдаць яго спадзяванні.
Абазначаючы ролю трэнера для поспеху каманды, нельга не ўспомніць і пра Любоў Бабову, якая выконвае надзвычай важную функцыю ў выхаванні будучых чэмпіёнаў. Менавіта гэты трэнер “прыводзіць” дзяцей у спорт, возіцца з імі, яшчэ маленькімі і нязграбнымі, бы тая нясушка. Далёка не ў кожнага ёсць такі талент.
А бацькі. Яны, часта самі скончыўшы ДзЮСШ, вядуць сюды сваіх дзетак. Яны не прапускаюць ніводнай гульні ў Шуміліне, ез-дзяць разам з дзецьмі на спаборніцтвы, яны да непрытомнасці, да хрыпаты балеюць за кожны мяч. І разумеюць, што валейбол – гэта не проста спорт, гэта сапраўдная, магчыма, самая лепшая школа жыцця. І яе “выпускнікі” выходзяць у свет моцнымі духам і фізічна, самадастатковымі, упэўненымі ў сабе. Яны ўмеюць сябраваць, падстаўляць плячо, браць на сябе і трымаць удар. Вядома, не ўсе ў будучым абяруць спорт за прафесію, але ўсе вышэйпералічаныя якасці застануцца з кожным з іх назаўсёды. І гэта бясцэнна.
Вось і атрымліваецца, што поспех нашых юных валейбалістаў – вынік сумеснай работы, шчырай падтрымкі, вялікіх надзей і спадзяванняў. А яшчэ хочацца верыць, што і мы, верныя балельшчыкі, таксама неяк дапамагаем хлопцам трымацца на перадавых рубяжах валейбольных баталій.
Рэспубліка – наша! Яны зноў зрабілі гэта, як і летась. Не ўсім было проста ў гэта паверыць: Шуміліна – гэта ж вам не Мінск, не Гомель і не Гродна. Ці не задужа яны дзёрзкія, падумаў нехта?.. Але наша каманда ехала толькі за перамогай. І перамога была заваявана.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Фота прадастаўлена Шумілінскай ДзЮСШ.
Надрукавана ў №31 ад 18.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *