Алексей Шпаков: В этом году в Шумилино капитально отремонтируют 6 многоэтажек

Актуалии Общество Экономика

Пра капрамонт і спісанне пені

У гэтым годзе мы вырашылі ладзіць у рэдакцыі “прамыя лініі” з кіраўнікамі і адказнымі спецыялістамі раённых службаў з тым, каб нашы чытачы маглі пагаварыць з імі ў рэжыме анлайн  і задаць хвалюючыя пытанні. Першым да сябе ў госці мы запрасілі выконваючага абавязкі дырэктара УП ЖКГ Шумілінскага раёна Аляксея ШПАКАВА.
Нягледзячы на тое, што Аляксей Арцёмавіч праводзіў “прамую лінію”, першым стаў не тэлефонны званок, а візіт жыхаркі райцэнтра.
Мнагадзетная сям’я займае сацыяльнае жыллё, дом на Брыкеце, і вымушана кожны месяц плаціць немалыя грошы (па словах жанчыны, каля 60 рублёў) за выклік спецыяльнага транспарта для камунальных адходаў (сцёкаў). Ці ёсць больш танныя варыянты вырашэння гэтага пытання, папрасіла парады наведвальніца. Да таго, да каналізацыйных сцёкаў, магчыма, дадаюцца і паверхневыя сцёкі. Жанчына таксама папрасіла звярнуць увагу і на праблему падтоплівання прыдамавой тэрыторыі.
Кіраўнік камунальнай службы паабяцаў выехаць на месца і высветліць сітуацыю. Хутчэй за ўсё, паверхневыя воды тут ні пры чым. Сям’я немалая, і невялікая па аб’ёме бочка вельмі хутка напаўняецца. А расцэнкі на падобныя паслугі не субсідзіруюцца.
Патэлефанаваў на “прамую лінію” гаспадар дома “з-за лініі”, з вул. Кастрычніцкая. Восенню там рамантавалі дарогу: капалі меліярацыйны канал, каб не было падтоплівання дарогі. Адну дарогу паправілі, а другую, якая вяла на агарод гаспадара, сапсавалі. Хто выправіць сітуацыю?
А. А. Шпакаў паабяцаў разабрацца з выездам на месца. Калі праезд на агарод дакументальна аформлены, камунальная служба выправіць сітуацыю.
Пытанне пра капітальны рамонт шматпавярховага жылля задалі жыхары пасёлка МСО.
– Зацверджаны графік правядзення капітальнага рамонту жылога фонду змешчаны на афіцыйным сайце райвыканкама, – паведаміў Аляксей Арцёмавіч. – Згодна з ім і вядзецца рамонт жылля ў нашым раёне. Што тычыцца вашага пасёлка, то дайшла чарга і да яго. У прыватнасці, сёлета будзе праведзены капрамонт дома №10 па вуліцы Юбілейнай. Самае галоўнае – капрамонт будзе прадугледжваць і абсталяванне гарачага водазабеспячэння.
А наогул сёлета ў Шуміліне будзе праведзены капітальны рамонт 6 шматпавярховых дамоў. Вось канкрэтныя адрасы: дамы па вул. Ленінская, 12, 16, 28; вул. Шумілінская, 2; вул. Кароткіна, 26; вул. Юбілейная, 10. Рамонт згодна з заканадаўствам у асноўным прадугледжвае рамонт даху, выраб адмосткі, замену камунікацый водазабеспячэння і каналізацыі, электраправодкі ў пад’ездзе, групы ўваходных дзвярэй.
Пра магчымасць спісаць пеню па вадзе спытала жыхарка райцэнтра. Асноўны доўг, запэўніла жанчына, пагашаны, а наогул ён назбіраўся, калі абодва гаспадара некаторы час нідзе не працавалі, уладкаваліся на працу толькі нядаўна.
Ёсць такая магчымасць, адказаў кіраўнік УП ЖКГ. Пасля поўнага пагашэння асноўнага доўгу трэба звярнуцца з пашпартам у разлікова-касавы цэнтр, які знаходзіцца па вул. Кароткіна (у будынку падатковай інспекцыі) і напісаць заяву аб спісанні пені.
Жыхары дома №11 па вул. Кароткіна спыталі, калі нарэшце закончыцца добраўпарадкаванне іх двара. На што А. Шпакаў паведаміў: “Пры наступленні спрыяльнага надвор’я ўсе работы будуць завершаны”.
Апошні званок быў таксама з райцэнтра. “Аляксей Арцёмавіч, звяртаюся да вас як да дэпутата па нашай выбарчай акрузе, – пачала размову пажылая жанчына. – Дапамажыце мне зрабіць рамонт падлогі на кухні. Дом у пасёлку МСО, у якім я жыву, стары, ніколі не бачыў рамонту. Жыву на 1-м паверсе, падлога на кухні практычна струхлела”.
А. А. Шпакаў падзякаваў за давер, паабяцаў у самы бліжэйшы час выехаць са спецыялістамі па адрасе, вывучыць сітуацыю, правесці абследаванне. І толькі пасля гэтага прыняць рашэнне.
А наогул што тычыцца дэпутацкай дзейнасці, для Аляксея Шпакава гэта будуць другія выбары. Зараз ён, сапраўды, з’яўляецца дэпутатам па Будаўнічай акрузе. Прызнаецца, што пытанняў да яго як да дэпутата, паступала нямнога, пераважна гэта былі камунальныя праблемы.
Сёлета в. а. дырэктара УП ЖКГ Шумілінскага раёна Аляксея Арцёмавіча Шпакава вылучылі кандыдатам у дэпутаты раённага Савета па Чыгуначнай акрузе №1. Дарэчы, ён сам жыве ў гэтай акрузе, таму добра ведае і інфраструктуру, і асноўныя праблемныя пытанні. І яго тут многія добра ведаюць. Абяцае, што будзе вельмі грунтоўна і адказна падыходзіць да вырашэння праблем, калі яны будуць узнікаць.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 11 ад 06.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *