МТЗ подарил Шумилинской районной гимназии мультиборд

Актуалии Образование Экономика

І зноў Новы год, і зноў мы едзем на МТЗ
Раённыя гімназісты другі год запар адзначаюць самае галоўнае свята года разам з гігантам сусветнага машынабудавання – Мінскім трактарным заводам. І калі летась яны атрымалі ў падарунак трактар, то сёлета – мультыборд.

Гэта ўніверсальная інтэрактыўная дошка новага пакалення, якая дазволіць вывесці на новы ўзровень выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе.
Падарожжа ў пераднавагоднюю сталіцу нашай радзімы  ўжо само па сабе ёсць выдатны падарунак. Завод адправіў за дзецьмі ў далёкія Лескавічы свой лепшы аўтобус з  экіпажам вадзіцеляў. Дзяцей не толькі даставілі да месца, але пракацілі па святочнаму Мінску.
На заводзе гімназісты і настаўнікі, як і ў мінулы раз, далучыліся да свята, якое традыцыйна ладзіцца ў канцы года і на якім падводзяцца вынікі работы завода за год. Генеральны дырэктар МТЗ Фёдар Дамаценка ў сваім выступленні адзначыў, што завод спрацаваў з прыбыткам, што дало магчымасць апроч усяго іншага тры разы за 2017 год павышаць зарплату работнікам.
Пад выбухі навагодніх феерверкаў на міні-трактары, у чароўнасці якога сумнявацца не прыходзілася, у цэх заехаў галоўны Дзед Мароз, а за ім больш за трыццаць навагодніх пар, Дзедаў Марозаў і Снягурак, – работнікі завода з радасцю ўзялі на сябе гэтыя ролі, каб парадаваць дзяцей. Кожны гімназіст атрымаў падарунак – цукеркі і зімовыя наборы ад МТЗ – шапачку, рукавічкі і шалік з лагатыпам завода. Тут адразу варта заўважыць, што такія ж падарункі атрымалі і тыя дзеткі вучэбнай установы, якія ў Мінск не патрапілі.
У адказ дзеці падарылі завадчанам навагоднюю песню. Дырэктар гімназіі Ларыса Маладзечкіна шчыра дзякавала за падарункі, адзначыла, што такое сяброўства надзвычай пачэснае для раённай гімназіі, сардэчна запрашала ў госці, анансаваўшы мінчанам непаўторныя краявіды Шуміліншчыны. У музей МТЗ, які нядаўна адкрыўся, былі перададзены сувеніры, зробленыя рукамі гімназістаў і педагогаў. Дарэчы, экскурсія па музеі таксама здарылася. Дзеці пазнаёміліся з экспазіцыяй, якая расказвае пра яскравую і насычаную падзеямі гісторыю стварэння Мінскага трактарнага завода, яго развіцця і станаўлення. Адзін з самых каштоўных экспанатаў музея – ордэн Леніна, якім завод быў узнагароджаны ў 1966 годзе. Таксама дзецям паказалі, дзе ў небе можна знайсці зорку, названую ў гонар МТЗ.
Феерычным падарункам да Новага года, як і ў мінулы раз, стала выступленне нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Даўнія сябры МТЗ падарылі гасцям свята шмат яркіх кампазіцый.
Дзеці ездзілі ў сталіцу 28 снежня, і можна не сумнявацца, што гэта стала адной з самых яркіх падзей 2017 года.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №1 ад 04.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *