Председатель райисполкома В. А. Подлещук в субботу провёл «прямую линию»

Актуалии Власть

Ліпеньскі характар зваротаў
Ліпеньскі характар надвор’я абумовіў характар званкоў на “прамую лінію”, якую праводзіў у мінулую суботу старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук.
Пазваніць кіраўніку раёна многіх падштурхнула стыхія з ветрам і ліўневымі дажджамі, якая пратэсціравала на трываласць дахі, панэльныя швы і нават дрэвы…
З дома № 70 па вул. Сіпко, што ў райцэнтры, было аж два званкі (Л. І. Юшчанка і З. М. Шыёнак): “дажджом размыла апошнія рэшткі тратуара, з прыступак адразу трапляеш у ваду, ніякага добраўпарадкавання нават не запланавана, хоць дому 18 год…” З падобнай праблемай (“размыла асфальт перад домам, вада прабралася і ў падвал”) звярнуўся Ю. Л. Ганчароў з дома № 53 па вул. Юбілейнай… Т. А. Нікіфарава (д. 4, вул. 70 год БССР) скардзілася, што дождж пранікае ў кватэру праз панэльныя швы… З. В. Драздова з аграгадка Слабада (вул. Садовая, 2) устрывожана, што ў дождж іх дваццацікватэрны дом, у якім засталося пяць жылых кватэр, цячэ як рэшата, недалёка і да кароткага замыкання… А. П. Башанкоў з вуліцы Дружбы, што ў Обалі, звярнуўся за дапамогай па зносе старых дрэў, што пасля ўрагану нахіліліся над гаражамі…
Кожнаму баліць сваё, кожны нервуецца. В. А. Падляшчук цярпліва слухае людзей, унікае ў сутнасць праблемы, звязваецца з кіраўнікамі адпаведных службаў, шукае разумнае рашэнне па кожным пытанні.
Зразумела, хочацца, каб кожны дом быў бездакорна адрамантаваны, каб паўсюль былі добрыя тратуарныя дарожкі, каб усё было прыгожа і зручна для людзей. Тым не менш жаданні трэба сумяшчаць з магчымасцямі. А яны, як гэта ні сумна, вельмі абмежаваныя. Таму і даводзіцца часам прымаць паўмеры, лапіць там, дзе трэба цалкам аднаўляць.
Але ў людзей свая праўда. Яны хочуць (і маюць на гэта поўнае права) жыць у нармальных умовах і дабіваюцца гэтага. Як, напрыклад, жыхары дома № 1 па вуліцы Маладзёжнай у в. Прыазёрная, ад імя якіх на “прамую лінію” тэлефанаваў К. Л. Попелаў.
Яшчэ больш абурае людзей абыякавасць, чэрствасць, а падчас і адкрытае хамства адказных спецыялістаў і чыноўнікаў. Менавіта пра такі выпадак з боку спецыялістаў аднаго з участкаў ЖКГ паведаміла адна з рэспандэнтак.
Пазіцыя кіраўніка раёна ў гэтым выпадку адназначная: такога проста не павінна быць і такім “спецыялістам”, якія не ўмеюць працаваць з людзьмі, не месца на адказных пасадах.
Наогул, гэтыя і іншыя пытанні, што паступілі на “прамую лінію” да старшыні райвыканкама, разгледжаны і ўзяты на кантроль. Многія ўжо знайшлі сваё рашэнне, унекаторых выпадках патрэбен час і дадатковыя сродкі.
І яшчэ. Слухаючы звароты людзей, спачуваючы ім, нельга не заўважыць модную тэндэнцыю часу: пагражаць – “буду скардзіцца ў Дзяржкантроль, у Адміністрацыю Прэзідэнта…”. Гэтыя пагрозы гучаць амаль што ў кожным звароце. Думаецца, яны гучаць і ў іншых раёнах нашай краіны, якая сёння сутыкнулася з вялікімі фінансавымі праблемамі. Але паважаныя інстанцыі, атрымліваючы гэты бясконцы паток карэспандэнцыі, не паедуць у кожную вёску, на кожную вуліцу чыніць кана-лізацыю ці рамантаваць пешаходныя дарожкі, і дадатковыя грошы не выдзяляць. Нашы праблемы нам і застануцца.
Праўда, гэты дадатак ніяк не можа служыць апраўданнем разгільдзяйству, неэфектыўнаму выкарыстоўванню сродкаў ці непрафесіяналізму адпаведных службаў.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №56 ад 26.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *