Елена Прокофьева: Всё, что касается паспорта

Общество

Пашпартнае пытанне: Атрымаць, памяняць ці здаць

У групу па грамадзянству і міграцыі жыхары раёна часта звяртаюцца наконт розных нюансаў абмену пашпарта. Людзі тэлефануюць з розных куткоў раёна, каб спытаць, як правільна паступіць, калі згубіў ці, наадварот, знайшоў чужы пашпарт. На гэтыя і іншыя пытанні адказвае вядучы спецыяліст групы па грамадзянству і міграцыі РАУС Алена Пракоф’ева.
– З якога ўзросту цяпер атрымліваюць пашпарт?
– Згодна з палажэннем пра дакументы, якія сведчаць асобу, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30.06.2008 года № 294 пашпарт павінен мець кожны грамадзянін, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту. Пашпарт выдаецца і непаўналетняму, які не дасягнуў гэтага ўзросту, па заяве аднаго з яго законных прадстаўнікоў.  Напрыклад, у выпадку, калі дзіця разам з бацькамі выязджае за мяжу.
– Трэба памяняць пашпарт па ўзросце. Калі звярнуцца ў групу па грамадзянству і міграцыі?
– Менш чым за адзін год да заканчэння тэрміну дзеяння дакумента. Лепш памяняць пашпарт раней, чым пратэрмінаваць, бо ў гэтым выпадку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (максімальны штраф да 4 БВ).
– Калі пашпарт памылі разам з адзеннем у пральнай машыне ці ён трапіў пад дождж, ці абавязкова яго мяняць?
– Абавязкова. Дакумент, у якім размытыя фотаздымак, літары ці пячатка,  лічыцца непрыгодным для выкарыстання. Пашпарт мяняецца таксама пры змене прозвішча, імя ці імя па бацьку, пры недакладных запісах, змяненні палавой прыналежнасці, зрасходаванні лістоў, прызначаных для запісу. Грамадзянін павінен памяняць дакумент і ў тым выпадку, калі раней пражываў за межамі рэспублікі, а цяпер прыехаў на пастаяннае жыхарства ў Беларусь.
– Ці можна ў пашпарт унесці звесткі пра групу крыві?
– Па просьбе грамадзяніна ў дакумент уносяцца дадатковыя адзнакі: пра групу і рэзус-фактар крыві (бальнічнай, амбулаторна-паліклінічнай арганізацыяй, арганізацыяй пералівання крыві); пра нацыянальную прыналежнасць – падраздзяленнем па грамадзянстве і міграцыі органа ўнутраных спраў, Міністэрствам замежных спраў (на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь), дыпламатычным прадстаўніцтвам або консульскай установай (за межамі Рэспублікі Беларусь). Адзнака аб нацыянальнай прыналежнасці грамадзяніна ўносіцца ў пашпарт на падставе заявы грамадзяніна, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту пры прад’яўленні ім пасведчання аб нараджэнні з указаннем нацыянальнасці бацькоў.
– Ці выдаецца які-небудзь дакумент у выпадку згубы пашпарта ці яго крадзяжу?
– У такіх выпадках трэба звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянству і міграцыі па месцы пастаяннага жыхарства. Па пісьмовай заяве грамадзяніна на працягу трох дзён пасля прадастаўлення дакументаў, неабходных для афармлення новага пашпарта, выдаецца даведка, якая сведчыць асобу грамадзяніна, тэрмінам на месяц (за гэты час чалавек атрымае новы пашпарт).
– А калі чалавек выпадкова знайшоў чужы пашпарт?
– У выпадку, калі дакумент знойдзены на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, яго трэба занесці ў орган ўнутраных спраў, калі за межамі краіны – у дыпламатычнае прадстаўніцтва або консульскую ўстанову.
– Што рабіць з пашпартам памерлага чалавека?
– Пасля рэгістрацыі смерці памерлага пашпарт забіраюць у ЗАГС і накіроўваюць у орган унутраных спраў па месцы жыхарства памерлага грамадзяніна (калі пашпарт выдадзены органам унутраных спраў) або ў Міністэрства замежных спраў (калі пашпарт выдадзены Міністэрствам замежных спраў).
Гутарку вяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №12 ад 09.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *