Как уберечь детей от наркотиков, обсуждали в Шумилино

Здоровье Молодёжь Общество

Ін’екцыя смерці

27 красавіка ў малой зале райвыканкама прайшоў семінар на прафілактыцы наркаманіі сярод падлеткаў. Для работы былі запрошаны  загадчык падлеткавага наркалагічнага  аддзялення Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і  наркалогіі А. С. Герасімоўскі і псіхолаг гэтай установы Т. А. Ефіменкава.

Яны дзяліліся практычнымі ведамі з прадстаўнікамі праваахоўнай, сацыяльнай, медыцынскай службаў, устаноў адукацыі раёна – з тымі, хто павінны быць заўжды гатовы распазнаць наркамана, не дапусціць распаўсюджання гэтай бяды сярод падлеткаў.

Прычым, нельга скідваць з рахункаў і малодшых школьнікаў, заўважыў А. С. Герасімоўскі, наркотыкі могуць трапіць у рукі і да іх. Крыху супакойвае той факт, што нашаму рэгіёну неяк удаецца трымаць пазіцыі, і пра распаўсюджанне наркотыкаў у нас гавораць пакуль выключна з прафілактычным намерам. Але тым не менш.

Ёсць пэўныя прыкметы, якія павінны насцярожыць бацькоў:

  • беспрычыннае вяселле, якое рэзка змяняецца прыступамі гневу і агрэсіі;
  • парушэнне рэжыму сну і няспання;
  • зніжэнне разумовай актыўнасці, паспяховасці у школе;
  • нечаканыя рэчы ў кішэнях, напрыклад, піпеткі, кроплі для вачэй, фольга, таблеткі, шпрыцы і іншае;
  • павышэнне апетыту – “сіндром пустога халадзільніка”, з’яўленне пастаяннай смагі;
  • чырвоныя бялкі вачэй;
  • невыразная мова, так званая “каша ў роце”;
  • зацыкленасць позірку ці позы.

З падазрэннямі трэба адразу ж ісці да спецыялістаў. Спадзявацца, што ўсё неяк само разыдзецца, нельга. Наркотыкі ўшчэнт разбураюць асобу, ужыванне, у тым ліку і спайсаў, на раз прыводзіць да прыдуркаватасці і розных відаў шызафрэніі. Некаторыя спецыялісты лічаць, што вылечваюцца ад наркатычнай залежнасці ўсяго да 10%, астатнія могуць толькі знаходзіцца ў стане рэмісіі.

Развязацца з гэтым сапраўды дужа складана, і гэта калі не гаварыць, чым могуць закончыцца такія “дарослыя гульні” пры самым горшым раскладзе.

Бывае, бацькі падлеткаў, каб зберагчы сваё дзіцё ад наркотыкаў, алкаголю іншых непрывабных з’яў, выбіраюць няправільную тактыку. У такой сітуацыі не спрацоўвае эфект “яжовых рукавіц”, упэўнена псіхолаг Таццяна Ефіменкава.

Залішні ціск, недавер, падазронасць, жорсткі кантроль могуць здзівіць адваротнымі вынікамі. Паміж бацькамі і падлеткамі павінны быць даверлівыя адносіны, іх не сфарміруеш за тыдзень. Важна бачыць у дзіцяці асобу, умець з ім размаўляць, па-сапраўднаму цікавіцца яго жыццём, клопатамі і праблемамі.

Задача бацькоў – навучыць дзяцей любіць жыццё, ведаць яго каштоўнасць, навучыць іх жыць цікава. Яны ж і цягнуцца за цыгарэтай, бутэлькай піва, шпрыцам толькі калі жыць – нецікава.

Натуральная патрэба ў гэтым ёсць, а сродкаў дасягнення яны не ведаюць. Вось і знаходзяцца такія, хто “падказвае”, але ін’екцыя радасці часта абарочваецца ін’екцыяй смерці.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *