История дома для детей-сирот в Лесковичах

Общество

Выхаванцы Лескавіцкага дзетдома разам з педагогамі на экскурсіі ў Ленінградзе. 1959 г. Фота з фондаў Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея, перададзенае былой піянерважатай дзетдома М. А. Кавалёвай.

Дом, у якім сагравалі сэрцы

Ішоў 1944 год. Вызваленая Віцебшчына ляжала ў руінах. Сотні асірацелых, неўладкаваных дзяцей патрабавалі клопату і дамашняга цяпла. Адказнасць за іх лёс узяла на сябе дзяржава. Мясцовыя органы ўлады прынялі меры для забеспячэння аховы жыцця і здароўя асірацелых дзяцей.

Рашэннем выканаўчага камітэта Сіроцінскага раённага Савета дэпутатаў працоўных ад 2 кастрычніка 1944 года ў нашым раёне была створана спецыяльная камісія па ўладкаванні дзяцей-сірот. На Шуміліншчыне пачынае развівацца інстытут патранавання дзяцей, якія засталіся без бацькоў і родных. Дзяржава выплачвала на кожнае такое дзіця па 50 рублёў. Са жніўня 1944 года ў штат раённага аддзела народнай адукацыі ўведзена пасада інспектара па патранаванні, на якую была прызначана Ганна Мяфодзьеўна Казакова.
Уладкоўваліся дзеці-сіроты таксама ў спецыяльныя ўстановы – дзетдамы і прыёмнікі. Так, рашэннем Сіроцінскага раённага выканаўчага камітэта ў ліпені 1944 года ў вёсцы Лескавічы для дзяцей Віцебскай вобласці, якія засталіся без апекі бацькоў, быў створаны спецыяльны дзіцячы дом. У жніўні таго ж года на тэрыторыю дзіцячага дома, яшчэ пакрытую равамі і калдобінамі, варонкамі ад бомбаў і снарадаў, ступілі першыя яго насельнікі – 240 дзяцей. Схуднелых, дрэнна апранутых, часам грубаватых. У дзетдоме знаходзіліся дзеці розных узростаў, у тым ліку больш за 20 дзяцей ва ўзросце менш за пяць гадоў.
Дом, у якім саграваюць сэрцы, – менавіта такім для сваіх выхаванцаў хацелі зрабіць дзіцячы дом яго першы дырэктар Аляксандр Андрэевіч Маркаў і калектыў выхавальнікаў. У дзіцячым доме панавала атмасфера ўзаемаразумення, дабрыні і павагі, адказнасці за агульную справу. Педагогі рыхтавалі дзяцей да самастойнага жыцця, прывучалі да парадку і акуратнасці. Сярод вучняў было арганізавана дзяжурства: яны чысцілі бульбу, дапамагалі ў кухні і сталоўцы, мылі посуд і падлогу, прыбіралі двор.
У 1945 годзе на пасаду дырэктара Лескавіцкага спецдзетдома была прызначана Ніна Іванаўна Ісачанка, якая адпрацавала на гэтай пасадзе да 1947 года. 10 год, з 1947 па 1957 гады, кіраваў установай Аляксандр Ільіч Іваноў. У 1958-1959 гадах пост дырэктара займала Любоў Пятроўна Хрытановіч.
Педагогі і выхавальнікі дзіцячага дома выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці разнастайныя формы работы. Дзеці ў большасці выпадкаў добра вучыліся, мелі дасягненні ў спорце, грамадскім жыцці, чаму ў нейкай меры садзейнічала сістэма заахвочванняў, прынятая калектывам установы. Так, у 50-ыя гады за добрае навучанне і прыкладныя паводзіны савет выхавальнікаў выдаваў лепшым у якасці прэміі дадатковую пару новага абутку, у 60-ыя гады – тым, хто прымаў актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, – па рублю на абед. У 70-ыя гады кожнай групе за дзяжурства па кухні, сушку сена, нарыхтоўку дроў выстаўляліся балы. За перамогу група атрымлівала падарожжа. Дзеці пабывалі не толькі ў Віцебску і Полацку, але і ў Маскве. Запомнілася падарожжа ў Кіеў, куды ехалі на грузавой машыне, абцягнутай брызентам. У кузаў накідалі сена, каб было цяплей і мякчэй.
З 1945 года для забеспячэння прадуктамі харчавання, стварэння моцнай вытворчай базы пры дзіцячым доме арганізуецца падсобная гаспадарка, якая ў 60-ыя гады ўжо дазваляла цалкам забяспечваць дзяцей гароднінай у зімовы перыяд. Гаспадарка налічвала 4 кані, 14 свіней, шмат трусоў. На 20-ці гектарах зямлі вырошчвалі бульбу, моркву, буракі, фасолю. Да сельскагаспадарчых работ прыцягваліся самі выхаванцы: займаліся праполкай пустазелля, зборам ураджаю. У 50-ыя гады была адкрыта швейная майстэрня, у якой дзяўчынкі шылі адзенне для выхаванцаў. А ў сталярным цэху працавалі хлопцы, вырабляючы розныя патрэбныя ў дзетдомаўскай гаспадарцы рэчы.
Без малога 20 гадоў здзіўляў сваіх калег невычэрпнай энергіяй, уменнем зрабіць шчаслівым кожнае дзетдомаўскае дзіця Мікалай Герасімавіч Рачкоўскі, які ўзначальваў установу з 1961 па 1974, і з 1976 па 1978 гады. Ён марыў зрабіць дом не казённай установай, а вялікай дружнай сям’ёй. Дзеці звалі яго бацькам, а значыць, ён стаў сапраўдным гаспадаром дзетдомаўскай сям’і. Аднойчы, рыхтуючыся да абласнога агляду-конкурсу, дырэктар наняў балерыну, якая цэлы месяц вучыла дзяцей танцаваць. Як вынік – трыумфальная перамога ў конкурсе і выступленне ў Мінску. Назаўжды засталося ў памяці дзетдомаўцаў падарожжа ў г. Гур’еў на рацэ Урал у Казахстане, куды іх адвёз сам дырэктар, калі некалькі выпускнікоў праявілі жаданне прадоўжыць там навучанне. М. Г. Рачкоўскі быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і ўдастоены звання “Выдатнік народнай адукацыі”, меў шмат іншых узнагарод.
Дзякуючы традыцыям і асаблівай атмасферы дабра і дамашняй утульнасці, створанай намаганнямі супрацоўнікаў, такіх як загадчыца вучэбнай часці Г. С. Дубко, выхавальнікаў – В. З. Шульга, Н. М. Новікава і Н. А. Васільева, настаўнік і класны кіраўнік Т. І. Шульга, піянерважатая М. А. Кавалёва, дзіцячы дом набыў  шырокую вядомасць не толькі на Віцебшчыне, але і за яе межамі.
У 1978 годзе загадам аддзела народнай адукацыі Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 12 чэрвеня 1978 года №130 Лескавіцкі дзіцячы дом быў рэарганізаваны ў Лескавіцкую санаторна-лясную школу для дзяцей з захворваннямі органаў стрававання.
Сярод былых выпускнікоў гэтага дзіцячага дома шмат педагогаў і медыкаў, інжынераў і ваенных, ёсць нават артыст цырка. Дзіцячы дом стаў для іх тым жыццёвым прыстанішчам, дзе іх заўсёды чакалі і любілі.
Дзякуем за прадстаўленыя матэрыялы Святлане Валянцінаўне Грыгор’евай – былому кіраўніку краязнаўчага кружка раённай гімназіі.
Святлана ІВАНОВА,
дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Надрукавана ў №12 ад 09.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *