Руслан Насцюшкін: Такая зіма пакіне пасля сябе шмат ямак на асфальце

Экономика

Такая зіма пакіне пасля сябе шмат ямак на асфальце

Зіма, якая апошнія гады дэманструе нетыповую для гэтай пары года лаяльнасць і не асабліва напружвае сябе маразамі, не самым лепшым чынам уплывае і на стан дарог. Начальнік ДРБУ №204 Руслан Насцюшкін у гэтай сувязі робіць несуцяшальны прафесійны прагноз – ямак на асфальце вясной будзе больш, чым звычайна.
Усяго прадпрыемства абслугоўвае 670 кіламетраў дарог, якія, безумоўна, патрабуюць пастаяннага догляду і рамонту. Што і робіцца, а вось маштабы работ ужо вызначаюць матэрыяльныя магчымасці. Дарогі, усе ведаюць, – рэч надзвычай дарагая. У мінулым годзе 2 км 600 м дарог атрымалі бягучы рамонт, на што было выдаткавана амаль 218 тысяч рублёў. Капітальна былі адрамантаваны 1758 м дарог, на што  пайшло 389 тысяч. 653,5 тысячы рублёў пайшло на ўтрыманне мясцовых дарог. Была пабудавана лясная дарога Міхалова-Дубовікі коштам у 750 тысяч рублёў.
Сёлета раён чакае другая чарга капітальнага рамонту дарогі Обаль-Лявонава-Мішкавічы-Ляжні – гэта два з паловай кіламетра – і пойдзе на гэтыя мэты 550 тысяч рублёў. Два адрэзкі гэтай жа дарогі атрымаюць таксама і бягучы рамонт. Наогул, бягучым рамонтам прадпрыемства плануе адрамантаваць каля 11 кіламетраў дарог, на што запланавана мільёна ста  тысяч рублёў. “Вельмі разбітая дарога Крывое Сяло–Навікі, – канстатуе Руслан МІкалаевіч, – там таксама будуць праведзены работы ў рамках бягучага рамонту. Будуць адрамантаваны пад’езды да аграгарадкоў і буйных населеных пунктаў”.
Таксама Руслан Насцюшкін заўважыў, што сёлета будзе зроблена ўсё магчымае, каб правесці рамонт участка дарогі ў раёне мемарыяла ў Тропіне на аўтадарозе Бешанковічы-Шуміліна-Сураўні. Ён як кіраўнік дарожнага прадпрыемства бачыць і разумее, што нашы дарогі патрабуюць большай увагі да сябе і большых укладанняў. У гэтым сэнсе ёсць спадзяванні на Дзяржаўную праграму па развіцці і ўтрыманні мясцовых аўтамабільных дарог на 2017-2020 гады, якая адкрые перад дарожнікамі большыя магчымасці.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №12 ад 09.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *