Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Службовы падлог
Галоўны бухгалтар аднаго з сельгаспрадпрыемстваў наўмысна складала, падпісвала і падавала ў банк заведама ілжывыя дакументы, якія сведчылі пра адсутнасць запазычанасці прадпрыемства перад раённым фондам сацыяльнай абароны насельніцтва. Па арт. 427 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Службовы падлог” супраць бухгалтара ўзбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, што можа пагражаць за гэта правапарушэнне, – пазбаўленне волі да двух гадоў.
Дача
Жыхарка Обалі паведаміла ў міліцыю, што абрабавалі яе дачны дом.  Невядомыя злодзеі вырвалі дзвярны прабой і  ўкралі асабістыя рэчы гаспадыні і прадукты харчавання. Па дадзеным крадзяжы ўзбуджана крымінальная справа.

Са зводак ДАІ
На хуткасці
Жыхар Полацка, які ехаў на аўтамабілі “Кіа” па аўтадарозе Віцебск-Полацк, разагнаўся да 158 кіламетраў у гадзіну. Мужчына так спяшаўся, што не заўважыў дарожныя знакі, якія абмяжоўваюць хуткасць да 90 км/гадз. У гэты ж дзень на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі затрымалі жыхара Віцебска, які на асабістым “Рэно” перавысіў хуткасць на 14 кіламетраў у гадзіну. На абодвух парушальнікаў складзены адміністрацыйныя пратаколы, якія для далейшага разгляду накіраваны ў аддзелы ўнутраных спраў па месцы жыхарства парушальнікаў.
Без флікераў
На мінулым тыдні супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі траіх жыхароў райцэнтра, якія ў цёмны час сутак ішлі па вуліцах горада і пры гэтым не мелі пры сабе флікераў. Парушальнікам правілаў дарожнага руху пагражае штраф да 3 БВ.
Веласіпедыст
Некаторыя жыхары райцэнтра прызвычаіліся ездзіць на веласіпедах нават зімой. Нягледзячы на тое, што Правіламі дарожнага руху забараняецца ездзіць на веласіпедзе ў галалёд. Нядаўна супрацоўнікі ДАІ  склалі адміністрацыйны пратакол на жыхара Шуміліна, які выехаў на дарогу на веласіпедзе ў такое неспрыяльнае зімовае надвор’е. Максімальны штраф, што пагражае мужчыну, – 3 БВ.

Са Следчага камітэта
Псіхатропы
У лютым затрыманы 47-гадовы непрацуючы жыхар Шуміліна, у якога было знойдзена 49 псіхатропных таблетак. Як паведаміў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрый Трошчанка, па факце незаконнага захоўвання псіхатропных рэчываў узбуджана крымінальная справа. Мужчыну пагражае да 5 год пазбаўлення волі.
Банкаўская картка
Жыхар Шуміліна згубіў кашалёк, у якім апроч банкаўскай карткі на паперы быў напісаны ад рукі ПІН-код. Праз некалькі гадзін з карткі былі зняты 60 рублёў. Следчымі райаддзела ўзбуджана крымінальная справа. РАСК яшчэ раз нагадвае: ніколі не захоўвайце банкаўскую картку і ПІН-код ад яе ў адным месцы!
Падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №13 ад 13.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *