Совместный проект редакции и РОЧС «Служба 101». Выпуск №1

Безопасность Общество

У фармаце дыялогу
9 студзеня ў Обалі прайшоў сельскі сход грамадзян з правядзеннем навучання членаў назіральнай камісіі Обальскага сельвыканкама. Найперш сітуацыю з пажарамі ў раёне за мінулы год і пачатак бягучага абмаляваў першы намеснік начальніка РАНС Рыгор Жук, расказаў таксама і пра пажар, які адбыўся ў Крывым Сяле ў гэты ж дзень і на якім загінуў чалавек.
Форму дыялогу ў рабоце абальчанам прапанаваў першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Панцюхоў, які ўдзельнічаў у сходзе. Ён найперш абазначыў высокую грамадскую значнасць работы назіральных камісій. Заўважыў, што ніхто не ўскладае на іх плечы нейкіх спецыфічных задач, вырашаць якія павінны кампетэнтныя службы, прафесіяналы ў той ці іншай галіне. «Вы не спецыялісты, ваша задача – візуальны агляд, – тлумачыў Д. В. Панцюхоў. – Заўважыць вілку, якая тырчыць з разеткі, ці патрэсканую печ – ніякіх спецыяльных ведаў не патрабуецца, а гэта, у сваю чаргу, можа выратаваць жыццё, у тым ліку і дзіцячае».
Большасць населеных пунктаў у Шумі-лінскім раёне, ды і наогул, у Беларусі знаходзіцца ад пажарных падраздзяленняў больш як за 10 км. Гэта значыць, што гружаны пажарны МАЗ можа ехаць да месца выкліку і 30, і 40 хвілін. У такіх выпадках агонь і прыносіць самы вялікі ўрон, у адрозненне ад выпадкаў, калі пажар здараецца ў горадзе. Дамы стаяць побач, агонь распаўсюджваецца хутка, пажарны пост – далёка. Ды і самі вяскоўцы, замест таго, каб дапамагаць у ліквідацыі пажару, часта дастаюць мабільныя і пачынаюць здымаць.
Размаўляць з людзьмі, тлумачыць, як правільна сябе паводзіць, вучыць распазнаваць інфармацыйныя сігналы трывогі – гэта істотная дапамога выратавальнікам у прафілактычнай рабоце ад дабравольных памочнікаў. Людзі павінны ведаць, што за выпальванне сухой расліннасці іх чакае штраф, што аўтаномны пажарны апавяшчальнік у доме – гэта элементарная неабходнасць і г. д. І ўсе гэтыя пытанні здатныя вырашацца на ўзроўні назіральных камісій.
На працягу тыдня вучоба членаў назіральных камісій і пазаштатных пажарных інспектараў прайшла ва ўсіх сельсаветах раёна.

За час вучобы можна і на аўто накапіць
Ну хто лепш раскажа пра навучальную ўстанову, як не той, хто сам зараз там вучыцца? Таму і вырашыў намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Красоўскі на прафарыентацыйную сустрэчу з выпускнікамі СШ №1 запрасіць курсанта ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі Кірыла Андрэева. Хлопец першы год навучаецца на факультэце “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” і расказаў, што выратавальнікам марыў і рыхтаваўся стаць з дзяцінства.
Курсанты ўніверсітэта, якія ўжо з першага дня вучобы залічаны ў рады МНС, знаходзяцца на поўным забеспячэнні. Усё, ад вопраткі да паўнацэннага харчавання, прадастаўляецца ім абсалютна бясплатна. А таму стыпендыю, якая на першых парах ужо складае больш за 200 рублёў, можна адкладваць. Кірыл падзяліўся, што сам ужо назбіраў паўтары тысячы рублёў, прывёў у прыклад былога курсанта – сённяшняга супрацоўніка РАНС, які за час вучобы назбіраў грошай на аўтамабіль.
Кірыл Андрэеў расказаў і пра камфортныя ўмовы пражывання ў інтэрнаце, месцы ў якім выдзяляюцца ўсім без выключэння, пра магчымасць займацца спортам, творчасцю, пра экскурсіі і паездкі, у якіх яму ўжо ўдалося пабываць. Хлопец перакананы, што вучыцца ў самай прэстыжнай установе рэспублікі, сказаў, што пасля вучобы хацеў бы вярнуцца працаваць у свой раён.
Дарэчы, выпускнік універсітэта грамадзянскай абароны мае гарантаванае першае працоўнае месца, а зарплата маладога спецыяліста ўжо сёння пачынаецца ад сямісот рублёў, паведаміў Дзмітрый Красоўскі. Ён падрабязна распісаў, на якія факультэты можна паступаць дзяўчатам і хлопцам, якія пасады яны будуць займаць і нават што будзе ўваходзіць у іх абавязкі. Расказаў пра ільготы і прэферэнцыі, якія маюць супрацоўнікі МНС.
Дзеці ў сваю чаргу задавалі пытанні пра прахадныя балы, праходжанне медыцынскай камісіі і іншыя. Калі ў некага ёсць жаданне звязаць сваё жыццё з МНС, то намеснік начальніка РАНС Дмітрый Красоўскі параіў звяртацца да яго ўжо сёння, і ён падрабязна раскажа, што трэба рабіць (тэл. для сувязі: 4-10-73).

Майстар-клас
На фота інспектар РАНС Уладзіслаў Салабута дэманструе перад наведвальнікамі і работнікамі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў-вання насельніцтва дадатак для Android “МНС Беларусі: дапамога побач”, якім могуць абсалютна бясплатна карыстацца ўсе, спампаваўшы дадатак у Play Market. Зарыентавацца ў выпадку любой надзвычайнай сітуацыі, атрымліваць папярэджанні пра небяспечныя прыродныя з’явы, звязацца са службай выратавання, даведацца шмат новага – дадатак сапраўды карысны. І ў гэтым многія вырашылі пераканацца, зараз жа спампаваўшы дадатак сабе на тэлефон. Некаторыя нават прайшлі тэсты, што ён прапануе.
Такі своеасаблівы лікбез ладзіўся ў рамках першага этапа  рэспубліканскай акцыі “Бяспека ў кожны дом”, якая, нагадаем, уключае ў сябе чатыры этапы і будзе доўжыцца да 28 лютага.
Галоўнай ідэяй мерапрыемства ў ТЦСАН было паказаць асобным катэгорыям грамадзян, што выдаткі дзеля ўласнай бяспекі таго вартыя. Так, і аўтаномны пажарны апавяшчальнік, і той жа перадтопачны ліст, і новая праводка, і многае іншае – усё каштуе грошай, але што такое грошы ў параўнанні з жыццём, здароўем, ды і нажытым працай і потам дабром?..
Удзельнікі акцыі аказаліся надзвычай актыўнымі. Яны ахвотна адказвалі на  пытанні віктарыны, прапанаванай спецыялістам РАНС Ларысай Лінкевіч, бурна абмяркоўвалі прадэманстраваны ім дакументальны фільм, нават майстар-клас па карыстанні вогнетушыцелем, які правёў Уладзіслаў Салабута, сустрэлі з інтарэсам. Удзел у акцыі ўзялі таксама актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных з СШ №1.

«Загарэўся» кабінет ляснічага
З 1 па 20 лютага  праводзіцца вывучэнне стану гатоўнасці лясгаса на прадмет абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый у мірны і ваенны час. 6 лютага супрацоўнікі РАНС сустрэліся з работнікамі лясгаса. Была праведзена адпрацоўка практычнай уводнай па ўзнікненні ўмоўнага пажару ў кабінеце галоўнага ляснічага: адпрацаваны алгарытм дзеянняў персаналу, выклік службы МНС і правядзенне эвакуацыі людзей з адміністрацыйнага будынка. Работнікі лесу паказалі, як яны ўмеюць карыстацца вогнетушыцелем, прайшлі тэставанне па тэме вучэнняў.

Антыпажарны рэйтынг

Штогод праводзіцца раённы агляд супрацьпажарнага стану жылых дамоў у населеных пунктах. Па выніках мінулага года раённы выканаўчы камітэт вырашыў прысудзіць першае месца Каўлякоўскай сельскай назіральнай камісіі, на другім месцы аказалася Сіроцінская, на трэцім – Мішневіцкая назіральныя камісіі. Пераможцы былі ўзнагароджаны грашовымі прэміямі.

Выпуск падрыхтавала Наталля Чарнічэнка.

Надрукавана ў №13 ад 13 лютага 2018 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *