Лепшая даярка – у “Радніку”, лепшы жывёлавод – у “Ульскім”

Актуалии Экономика

Лепшая даярка  – у “Радніку”, лепшы жывёлавод – у “Ульскім”

Раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама вырашыла ў гэтым годзе праводзіць вытворчае спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення і аператараў па вырошчванні і адкорме маладняку, штоквартальнае – сярод даільных залаў і малочнатаварных ферм раёна.  Мэта названага спаборніцтва –  заахвочванне перадавікоў сельскай гаспадаркі, паляпшэнне паказчыкаў прадукцыйнасці дойнага статку і якасці сельгаспрадукцыі.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова наведала фермы ў СФГ “Раднік” і КУСГП “Ульскі”, каб павіншаваць лідараў жывёлагадоўчай галіны за першы месяц бягучага года.

Сярод даярак раёна лепшыя надоі ў студзені ў Марыны Уладзіміраўны Шэдзько з фермы Мішкавічы. Валавы надой у яе групе склаў 19715 кілаграмаў, надой на карову – 368 кілаграмаў. Марына Шэдзько працуе даяркай больш за дваццаць гадоў і пераканана, што колькасць малака і яго якасць залежаць ад кармлення жывёлы. “У нашай гаспадарцы нарыхтаваны добры сянаж са шматгадовых траў, – расказала жанчына. – Акрамя таго, тры разы на дзень мы даём каровам муку. Адсюль – і добрыя надоі”. Не трэба скідваць з рахункаў сумленнасць  і працавітасць даярак, захаванне ўсіх тэхналагічных патрабаванняў.

У гэты ж дзень мы віншавалі аператара па вырошчванні і адкорме маладняку фермы Брыцікі КУСГП “Ульскі” Мікалая Віктаравіча Клопава. У яго групе цёлак злучнога ўзросту сярэднясутачныя прывагі за студзень склала 800 грамаў.  Заатэхнік Святлана Круглова хваліла жывёлавода за стараннасць і руплівасць. Без гэтых якасцей на ферме ніяк не абыдзешся, бо для паўсотні цёлак двойчы на дзень трэба нагрузіць, завезці ў арачнік і згрузіць па тоне корму. А яшчэ трэба прывезці салому, падсцяліць жывёле, адкідаць гной, падварушыць  кармы. Такая работа пасільная толькі для фізічна моцнага і працавітага мужчыны, такога, як Мікалай Клопаў.
Ад прафсаюза работнікаў АПК Марыне Шэдзько і Мікалаю Клопаву былі ўручаны падзякі за добрую работу і грашовыя прэміі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №14 ад 16. 02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *