На МЧС надейся, но и сам будь бдительным

Безопасность Общество

МНС: дапамога побач

Адзіны дзень інфармавання ў Шумілінскім раёне правёў кіраўнік абласнога ведамства МНС Аляксандр Клобук
У аўторак наш раён наведаў начальнік абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь А. Р. Клобук. Аляксандр Рыгоравіч уваходзіць у склад інфармацыйна-прапагандысцкай групы аблвыканкама, і ў рамках адзінага дня інфармавання правёў сустрэчу з працоўным калектывам ААТ “Прыдзвінскі” і жыхарамі аграгарадка Крывое Сяло ў мясцовым сельскім клубе.
Прызнацца, тэма пажарнай бяспекі была для вяскоўцаў дадзенага населенага пункта асабліва актуальнай і “гарачай” – літаральна тыдзень таму ў іх здарыўся пажар, у якім згарэў аднавясковец. Прычыну пажару не трэба нікому было агучваць: усе ведалі, што мужчына нідзе не працаваў, піў, курыў без памяці і кідаў акуркі дзе папала… Адна такая непатушаная цыгарэта і стала апошняй у жыцці маладога яшчэ чалавека.
І такія прыклады, калі ў агні гінуць людзі, як кажуць, па асабістым “жаданні”, пераважаюць у аператыўных пажарных зводках, прадоўжыў А. Р. Клобук і ў працяг тэмы расказаў пра аператыўную абстаноўку з пажарамі і пра ахвяры агню. У сувязі з гэтым нагадаў асноўныя правілы пажарнай бяспекі і пра неабходнасць і важнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і датчыкаў чаднага газу.
Асобна кіраўнік абласнога ведамства спыніўся на мабільным дадатку “МНС Беларусі: дапамога побач”.  Маючы сёння сучасныя мабільныя тэлефоны, проста недаравальна не мець у сваім арсенале такога сапраўднага памочніка- інфарматара на выпадак здарэння надзвычайных сітуацый. Ён падкажа, і як паводзіць сябе, скажам, пры абмаражэннях ці пераломах, і хутка звяжа са службай выратавання, і праінфармуе пра небяспечнае надвор’е. Трэба сказаць, некаторыя вяскоўцы прама на сустрэчы ўстанавілі на свае мабільнікі дадатак.
Не толькі пра пажары ішла размова. У сваім выступленні Аляксандр Рыгоравіч таксама спыніўся на актуальных пытаннях развіцця Віцебскай вобласці, расказаў пра будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ў горадзе Астравец Гродзенскай вобласці, у якасці відэафактаў прысутным быў прадэманстраваны фільм “БелАЭС”.
Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Клобук адказаў на пытанні, якія хвалююць вяскоўцаў, папрасіў выконваць меры пажарнай бяспекі дома і на працоўных месцах, берагчы сябе і сваіх блізкіх. Пасля чаго правёў кансультацыйную гутарку з кіраўніцтвам мясцовай гаспадаркі па пытаннях выканання патрабаванняў пажарнай бяспекі на сельскагаспадарчых аб’ектах.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №16 ад 23.02.2018 г.

Начальнік абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь Аляксандр Клобук і начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч падчас сустрэчы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *