Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Падпал
У дзяжурную часць РАУС паведамілі пра пажар у Мазурыне. Спецыялістамі крымінальнага вышуку было ўстаноўлена, што ў гэты дзень гаспадар дома разам са сваёй знаёмай з гэтай жа вёскі разам пілі спіртныя напіткі. Калі гаспадар заснуў, жанчына ў адзіночку дапіла спіртное. За гэта мужчына вельмі раззлаваўся, пачаў крычаць. Жанчына пакрыўдзілася, вырашыла адпомсціць і ў п’яным угары падпаліла дом. Калі ўсвядоміла, што зрабіла, пачала выцягваць соннага гаспадара з хаты. Але зрабіць гэта самастойна не змагла, таму паспяшалася патэлефанаваць у райаддзел па надзвычайных сітуацыях. Мужчына ад паху дыму прачнуўся сам яшчэ да прыезду пажарных, пачаў ратаваць сваю маёмасць. Работнікі РАНС утаймавалі агонь. У доме часткова пашкоджана маёмасць, знішчаны дах і столь. Жанчына, якая падпаліла хату, знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Ёй пагражае абмежаванне волі да 5 гадоў або пазбаўленне волі ад 3 да 10 гадоў.
Пагроза забойствам
Супраць жыхара вёскі Баёўка ўзбуджана крымінальная справа за пагрозу забойства сужыцелькі. У час сваркі мужчына схапіў каністру з гаручай вадкасцю (гэта былі бензін ці салярка) і абліў ёй жанчыну. Пры гэтым пагражаў яшчэ і падпаліць. Але пагрозы далей слоў не пайшлі. Тым не менш мужчына затрыманы, максімальнае пакаранне, што яму пагражае, –  абмежаванне волі  да двух гадоў ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Са зводак ДАІ
Прафілактыка
20-24 студзеня  супрацоўнікі ДАІ  разам з работнікамі падраздзяленняў  міліцыі грамадскай бяспекі правялі прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні ДТЗ з удзелам пешаходаў. У першы дзень акцыі былі прыцягнуты да адказнасці чатыры пешаходы: трое з іх ішлі па краю праезнай часткі дарогі і пры гэтым не былі пазначаны святловяртальнымі элементамі, адзін перайшоў дарогу на чырвонае святло.
Правы
Супрацоўнікі ДАІ затрымалі ля вёскі Мазурына вадзіцеля ААТ “Лаўжанскае”, які вёз людзей на аўтобусе ПАЗ. Пры гэтым кіроўца не меў вадзіцельскіх правоў. Мужчына выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС. Да адказнасці будзе прыцягнуты і службовая асоба прадпрыемства, якая дапусціла бяспраўніка да кіравання.

Са Следчага камітэта
Ухіліст
Следчыя раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь завяршаюць крымінальную справу ў адносінах да 25-гадовага жыхара Шуміліна, які ўхіляўся ад мерапрыемстваў прызыву на тэрміновую вайсковую службу. Хлопцу пагражае да двух год пазбаўлення волі. Як адзначыў начальнік райаддзела Юрый Трошчанка, у вытворчасці следчых знаходзіцца яшчэ адна крымінальная справа аб ухіленні ад мерапрыемстваў прызыву.
Арышт
На мінулым тыдні быў арыштаваны 39-гадовы абальчанін, супраць  якога ў канцы мінулага года была ўзбуджана крымінальная справа. Тады з мужчыны была ўзята падпіска аб нявыездзе. Але ён з’ехаў у Расію. Быў аб’яўлены ў вышук. Па прыездзе ў Обаль мужчына быў ўзяты пад варту.
Падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №17 ад 27.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *