90-гадовы юбілей адзначыла жыхарка райцэнтра Дзіяна Маркаўна Нікіфарава

Общество

Яна нарадзілася 23 лютага

90-гадовы юбілей адзначыла жыхарка райцэнтра Дзіяна Маркаўна Нікіфарава.
Здаецца, што такая жанчына і магла  нарадзіцца толькі 23 лютага, выбраўшы для з’яўлення на свет самы мужчынскі дзень у годзе. І гасцей, якія чамусьці хацелі павіншаваць яе загадзя, прымала строга 23-га. Затое – з самай раніцы і да позняга вечара. Дзверы кватэры Дзіяны Маркаўны Нікіфаравай у Дзень абаронцаў Айчыны і дзень яе нараджэння былі гасцінна адчынены. Яна і сама сказала, што яе асабістае свята па значнасці саступае дзяржаўнаму. І калі Узброеныя Сілы Беларусі святкавалі 100-годдзе, яна адзначала 90-гадовы юбілей.
За плячыма Дзіяны Маркаўны жыццёвая дарога ў дзевяць дзясяткаў год – далёка не ў кожнага хапае сіл дайсці да гэтага рубяжу. А калі ўспомніць, што дарога гэта ніколі не была лёгкай, што там і вайна, і лагеры, і цяжкія гады пасляваеннага аднаўлення, то становіцца зразумела, што дайсці да такой слаўнай, нават ганаровай жыццёвай даты можа толькі чалавек надзвычай моцны духам, упэўнены ў сваіх сілах, смелы. Яна такая і была, яна такая і ёсць.
Юбілярка не растраціла за гады ні свайго адметнага пачуцця гумару, ні аптымізму, ні цікавасці да ўсяго, што адбываецца вакол. Вось і першае, што ўбачылі госці, пераступіўшы парог кватэры Дзіяны Маркаўны, гэта прымацаваны да сцяны разварот раённай газеты “Герой працы” з лаўрэатамі раённай Дошкі гонару. Так, яна перажывае за тое, чым жыве раён, чым жыве краіна ў цэлым, цікавіцца навінамі, мяркуе, што можна было б зрабіць, каб жыццё стала лепшым.
За амаль 20 год работы сакратаром райвыканкама, жанчына атрымала надзвычай каштоўны вопыт. 13 старшыняў райвыканкама змянілі адзін аднаго на вачах у Д. М. Нікіфаравай. Давялося працаваць і з А. У. Сіпко. А кнігу “Наша Шуміліншчына” Дзіяна Маркаўна ўласнаручна дапаўняе: упісвае туды новых старшыняў райвыканкама, якія прыйшлі працаваць у раён пасля яе выдання. Парадак павінен быць ва ўсім.
“Я і не думала, што вы прыйдзеце, што вы мяне памятаеце”, – з такімі словамі сустракала юбілярка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкую, дырэктара гісторыка-краязнаўчага музея С. В. Іванову і захавальніцу фондаў музея Т. В. Церах. А як жа можна забыцца на такога чалавека, багаты вопыт якога ў многім паўплываў і на сучасных калег.
Яе біяграфія – біяграфія раёна. Закончыўшы службу ў райвыканкаме, Дзіяна Маркаўна перайшла працаваць у Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей і прыняла непасрэдны ўдзел у фарміраванні фондаў музея разам з тагачаснымі дырэктарамі Л. В. Голубевай, а затым з В. П. Кобзун. Сёння ў фондах музея захоўваецца каля 12 тысяч экспанатаў, добрая доля з якіх з’явілася менавіта ў гады станаўлення музея, калі там працавала Д. М. Нікіфарава.
Словы ўдзячнасці за шматгадовую працу, шчырыя словы віншаванняў, пажаданні здароўя і аптымізму прымала ў гэты дзень Дзіяна Маркаўна і, здаецца, была шчаслівая. Ад таго, што побач з ёй блізкія людзі, якія зрабілі ўсё, каб 90-гадовы юбілей быў, як і належыць, маштабным і прыгожым; ад таго, што ёй ёсць што ўспомніць і чым ганарыцца; ад таго, што дзевяць дзясяткаў гадоў пражыты не дарэмна. Няхай жа кожны наступны дзень і год будзе радасным і шчаслівым!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №18 ад 02.03. 2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *