1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

Здоровье Общество

Маё здароўе, маё права

Сусветны дзень барацьбы са СНІДам праводзіцца ва ўсім свеце з 1988 года, ён адзначаны сваім сімвалам – чырвонай стужкай, якая сімвалізуе падтрымку, разуменне і надзею на будучыню без СНІДу. Кампанія 2017 года праходзіць пад дэвізам “Маё здароўе, маё права”.
Права на здароўе – гэта нешта большае, чым проста доступ да якасных медыцынскіх паслуг і лекавых прэпаратаў. Права на здароўе ўключае ў сябе цэлы шэраг важных для кожнага чалавека гарантый. Гэтае права замацавана ў Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах і ўключае ў сябе права кожнага чалавека на прафілактыку, лячэнне, права прымаць рашэнне пра сваё здароўе, а таксама права на паважлівыя і годныя адносіны.
Згодна з глабальнай статыстыкай Аб’яднанай праграмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па ВІЧ/СНІДу, на планеце жыве больш за 36 мільёнаў чалавек, інфіцыраваных ВІЧ.
На 1 лістапада 2017 года ў Рэспубліцы Беларусь пражывае больш за 18 тысяч чалавек з ВІЧ-станоўчым статусам. Паказчык захворваемасці ВІЧ-інфекцыяй за 10 месяцаў бягучага года склаў 20,5 на 100 тысяч насельніцтва і адпавядае аналагічнаму перыяду 2016 года. За ўвесь перыяд назірання ў Беларусі зарэ-гістравана 24164 выпадкі ВІЧ-інфекцыі, з іх за 10 месяцаў бягучага года – 1946 выпадкаў (за 10 месяцаў 2016 года – 1978 выпадкаў).
У краіне пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ, на долю якога прыходзіцца 77,1% ці 1500 новых выпадкаў, зарэгістраваных у гэтым го-дзе. Часцей за ўсё выпадкі ВІЧ-інфекцыі выяўляюцца ва ўзроставай групе 40 год і старэй – 35,5%, ва ўзроставай групе 35-39 год – 22,6%.
Агульная колькасць выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ва ўзроставай групе 15-49 год складае 22413 (удзельная вага ў агульнай структуры ВІЧ-інфіцыраваных – 92,8%).
Важнай складаемай прафілактычных мерапрыемстваў на сучасным этапе з’яўляецца своечасовае тэставанне, бо ранняя дыягностыка ВІЧ-інфекцыі садзейнічае больш эфектыўнаму лячэнню, павышэнню якасці жыцця людзей, якія жывуць з ВІЧ, змяншэнню фактараў рызыкі перадачы ВІЧ іншым людзям.
У рамках кампаніі “Датычыць нават тых, каго не датычыць” у Беларусі праходзіць актыўнае прыцягненне да тэставання і саматэставання на ВІЧ. З гэтай мэтай у аптэчнай сетцы Гомельскай вобласці і ў Мінску рэалізуюцца экспрэс-тэсты для саматэставання па сліне.
Усім ВІЧ-пазітыўным пацыентам назначаецца спецыфічнае лячэнне, бясплатна прадстаўляюцца лекавыя сродкі для антырэтравіруснай тэрапіі. Колькасць такіх пацыентаў на сённяшні дзень складае 9990 чалавек, 206 з іх – дзеці да 14 год.
Калі чалавек з ВІЧ-інфекцыяй своечасова пачне лячэнне і будзе прытрымлівацца ўсіх парад урача, ён зможа пражыць доўгае і паўнацэннае жыццё.
Сяргей КОНЫШАЎ,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Шумілінскага раёна.
Надрукавана ў №93 ад 01.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *