Состоялась организационная сессия Шумилинского районного Совета депутатов

Актуалии Новости Президент

Прайшла арганізацыйная сесія

У Шуміліне 3 сакавіка прайшла першая, арганізацыйная, сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання.

У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў і дэпутат абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе №38 дырэктар РУП «Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт» Аляксандр Капшуль. На сесію былі запрошаны кіраўнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў і старшыні сельскіх выбарчых камісій.
У адпаведнасці з заканадаўствам адкрыла першую сесію старшыня раённай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання Любоў Казаравец. Любоў Іванаўна адзначыла, што па выніках выбараў у раёне сфарміраваны ўсе Саветы дэпутатаў першаснага і базавага ўзроўняў. На падставе пратаколаў участковых камісій раённая камісія падвяла вынікі выбараў і зарэгістравала ўсіх дэпутатаў раённага Савета.
Па прапанове дэпутата раённага Савета Віктара Гутарава, якога падтрымалі дэпутаты Аляксей Крыўко, Мікалай Будневіч, Ларыса Маладзечкіна, на пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў была вылучана дэпутат па Мазурынскай выбарчай акрузе №23 Ірына Новікава. Па выніках тайнага галасавання Ірына Мікалаеўна аднагалосна была абрана на пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў.
Ірына Мікалаеўна падзякавала за падтрымку і заўважыла, што асновай для работы раённага Савета новага склікання стане вопыт работы Савета папярэдняга, што забяспечыць пераемнасць, стабільнасць і дынамізм дзейнасці прадстаўнічага органа ўлады. Звяртаючыся да дэпутатаў, яна падкрэсліла, што дэпутацкі мандат – гэта высокі статус і высокая адказнасць, якая патрабуе ад народных выбраннікаў поўнай аддачы на грамадскай пасадзе. Дэпутаты павінны забяспечыць актыўную і прамую сувязь улады з народам, ім неабходна абагульняць праблемныя пытанні, даводзіць да ўлады і садзейнічаць іх рашэнню. Сесія прадоўжыла работу пад кіраўніцтвам новаабранага старшыні.
Па прапанове старшыні Савета дэпутатаў на пасаду намесніка быў абраны дэпутат па Мішневіцкай выбарчай акрузе №24 Руслан Насцюшкін.
Дэпутаты зацвердзілі персанальны склад пяці пастаянных камісій і абралі іх кіраўнікоў. На пасаду старшыні камісіі па мясцовым самакіраванні і рэгламенце быў абраны дэпутат па Вышалескай акрузе №17 Мікалай Будневіч, камісію па пытаннях бюджэту і эканамічнага развіцця ўзначаліў дэпутат па Першамайскай акрузе №16 Павел Манак.
Старшынёй камісіі па пытаннях аграпрамысловага комплексу і экалогіі  дэпутаты абралі дэпутата па Добрынскай выбарчай акрузе №22  Ларысу Ціханенку, камісію па пытаннях прамысловасці, транспарту, развіцця будаўнічага комплексу, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі ўзначаліў дэпутат па Будаўнічай акрузе №5 Аляксей Крыўко, камісію па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны і справах моладзі – дэпутат па Светласельскай акрузе №28 Ларыса Маладзечкіна.
Дэпутаты выбралі прэзідыум раённага Савета дэпутатаў, у які ўвайшлі старшыня Савета, яе намеснік і старшыні пастаянных камісій.
У звароце да дэпутатаў кіраўнік раёна Аляксандр Снараў адзначыў, што выбары ў раёне прайшлі актыўна, на выбарчыя ўчасткі прыйшло больш за 90% выбаршчыкаў, і тое, што ўсе кандыдаты ў дэпутаты былі абраны, сведчыць пра давер людзей. Старшыня райвыканкама заўважыў, што на сваіх пасадах і працоўных месцах дэпутаты займаюцца рашэннем пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, а грамадская пасада павялічвае адказнасць за якасць гэтай работы. Ён падкрэсліў, што сёлета, у Год малой радзімы, кожны можа і абавязаны прыняць удзел у навядзенні парадку ў сваіх родных мясцінах, у іх добраўпарадкаванні. Асабліва гэта тычыцца сельскай мясцовасці, дзе патрэба ў клапатлівых руках вельмі неабходная.
Дэпутаты зацвердзілі план работы раённага Савета на 2018 год.
Ужо на першай сесіі, акрамя арганізацыйных пытанняў, дэпутаты прынялі змяненні ў раённы бюджэт. Па прапанове дэпутата па Кіраўскай выбарчай акрузе №2 начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Алены Сідарэнкі 400 тысяч рублёў, якія паступілі з абласнога бюджэту, былі накіраваны наступным чынам: 100 тысяч – на рамонт раённай бальніцы, 300 тысяч – жыллёва-камунальнай гаспадарцы на субсідыі па паслугах, якія аказваюцца насельніцтву.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №19 ад 07.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *