В “Сиротинском” урожайность озимого рапса 32,5 ц/га. Секретами делится агроном Басов

Сельское хозяйство Экономика

Сіроцінская РАПСодыя
Надзеі, спадзяванні — падмурак для поспеху даволі туманны, нетрывалы. На ім складана нешта будаваць. Зусім іншая справа, калі ты дакладна ведаеш, што трэба рабіць, і, дзе памыліўся, што зрабіў няправільна, калі раптам не выйшла. Элементарная філасофія, лёгка прымянімая да любой сферы жыцця.
Нават для аграрнай, падумалася, калі Сяргей Басаў разважаў прыкладна так жа, дзелячыся меркаваннямі, чаму ўсё ж большасць пасеваў азімага рапсу ў “Сіроцінскім” сёлета загінула. Яму, аўтарытэтнаму ў раёне аграному, зразумела, што ківаць тут ні на кога не прыходзіцца — з 420 гектараў жывымі з зімоўкі выйшлі толькі 50. Але важна, што спецыяліст разумее, дзе і калі былі зроблены памылкі і пралікі і не вінаваціць ва ўсім выключна складаную зімоўку. Ён дакладна ведае, што канкрэтна было зроблена няправільна, не ў час, не па тэхналогіі. Ведае, а значыць, больш не дапусціць, усё ж унясе гэтае “Карамба” (спецыяльны прэпарат, які мацуе сілы расліны) менавіта тады, калі яго трэба ўносіць.
Басаў цвёрда перакананы, што толькі тэхналогіі правяць баль. Нельга страціць ніводнага звяна ў складаным агранамічным ланцугу. “Пра тое, як вырасціць добры рапс, шмат пішуць. Вось і ў “Беларускай ніве” зусім нядаўна апісалі працэс гэтай вытворчасці з усімі падрабязнасцямі”, — кажа. Аграном з цікавасцю вывучае вопыт перадавых гаспадарак, хаця яму і самому ўжо даўно ў пару дзяліцца сваімі ўласнымі напрацоўкамі.
Мы ж невыпадкова ўзялі менавіта яго вопыт у гэтай справе за прыклад. Ураджайнасць азімага рапсу ў “Сіроцінскім” – 32,5 ц/га – гэта факт. Для тых, хто “не ў тэме” і не можа асэнсаваць маштабы, заўважым: сярэдняя ўраджайнасць азімага рапсу па рэспубліцы — 16, 1 ц/га, па вобласці гэта лічба яшчэ больш сціплая – 12,9 ц/га (інфармацыя Мінсельгасхарчу). Вось так.
Яравы рапс у гаспадарцы размясціўся на 150 гектарах. Ураджайнасць яго таксама абяцае быць нядрэннай: аграном мяркуе сабраць цэнтнераў дваццаць з гектара. Недзе праз тыдзень пачнецца ўборка і тады ўсё стане зразумела. На рапсе працуюць пастаянныя механізатары, работа складаная, але і аплата не горшая, чым у калег на зерневых. Да Віталя Антонава, Віктара Сухоцкага і іншых у галоўнага агранома няма прэтэнзій – гэта важна, бо работа ў камандзе – адна з галоўных умоў поспеху. Свайму спецыялісту абсалютна давярае дырэктар КУСГП “Сіроцінскі”. Ларыса Ціханенка падтрымлівае ўсе пачынанні і агранамічныя наватарствы, бо ведае, што Сяргей Пятровіч – сапраўдны профі.
Вырошчваць рапс (калі ты ўмееш гэта рабіць так, як робіць гэта Басаў) эканамічна выгадна. За тону гэтай культуры I класа яшчэ летась давалі мільён рублёў. Рапс II класа ацэньваецца крыху танней. Для параўнання: тона пшаніцы тады каштавала 500-600 тысяч. “Сіроцінскі” ў мінулым годзе намалаціў і здаў каля сямісот тон рапсу. Няцяжка перавесці гэтыя тоны ў грошы. Сёлета можна весці гаворку пакуль толькі пра азімы рапс, яго намалацілі 130 тон і ўсё першым класам. Насенне гэтага ўзроўню якасці ідзе выключна на харчовыя мэты.
“Гэтай культурай ёсць сэнс займацца, — падсумоўвае С. П. Басаў. — Яна сябе заўжды апраўдае, калі ўважліва паставіцца да яе вырошчвання і не выпусціць з поля зроку ніводную тэхналагічную аперацыю”.
Варта заўважыць, што аграному гэта па-сапраўднаму цікава. Пад час нашай начной размовы (а сустрэцца з Сяргеем Пятровічам мне выпала аж у 23 гадзіны: раней спецыяліста не адпускала вытворчасць) я даведалася столькі пра рапс, што, здаецца, магу і сама заняцца яго вырошчваннем. Вядома, жартую. Любой справай павінен займацца сапраўдны майстар. Калі пашчасціць на такога, як Басаў, то ўсё абавязкова атрымаецца.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №58 ад 02.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *