Их премировали поездкой по Закавказью, и там они встретили друг друга

Людзі і лёсы Сельское хозяйство

Пад шчаслівай зоркай
Напісаць пра Леаніда Уладзіміравіча і Людмілу Паўлаўну Шумілавых з аграгарадка Башні параілі мясцовыя жыхары. “З гэтых працалюбівых людзей заўсёды бяром прыклад, у іх ля дома ўзорны парадак, – кажуць суседзі. – Наогул, ідэальная пара”.
Зразумела, пасля такой характарыстыкі нам захацелася сустрэцца з Шумілавымі. Людмілу Паўлаўну засталі на мясцовай ферме – яна больш за трыццаць гадоў працуе лабарантам па малаку. “Напэўна, я нарадзілася пад шчаслівай зоркай, бо мне вельмі пашанцавала з мужам, – прызналася жанчына. – У яго залатыя рукі: за што ні возьмецца – усё зробіць. Адрамантаваць, пабудаваць – гэта работа Леаніда. Прыходжу дадому, а паліца прымацавана да сцяны, стул адрамантаваны. У маім разуменні мужчына і павінен быць такім: “з рукамі”, разважлівым, памяркоўным. Мы разам выхавалі дачку, цяпер Наташа дарослая, працуе ў Віцебску. І часта кажа: “Буду шукаць сабе такога працавітага мужа, як мой тата”. Думаю, такая характарыстыка – найлепшая ацэнка для бацькі”.
Леанід Уладзіміравіч расказаў, што сустрэўся з будучай жонкай неспадзявана. Яго як аднаго з лепшых механізатараў калгаса імя Энгельса, тадышні дырэктар гаспадаркі Л. В. Пагарэльскі прэміраваў паездкай па Закаўказзю. У гэтым дзесяцідзённым падарожжы была і Людміла Паўлаўна, якая была перадавіком вытворчасці на віцебскім “КІМе”. Праз год Леанід і Людміла пажані-ліся. Маладая жонка была не супраць застацца жыць у Башнях. “Мае бацькі будавалі Днепрагэс, потым падымалі цалінныя землі ў Казахстане, затым пераехалі жыць у Лёзненскі раён – прыйшлося падарожнічаць і мне, – кажа Людміла Паўлаўна. – Пасля шматлікіх пераездаў хацелася спакою і пастаяннага месца жыхарства. Вёска мяне ніколькі не пужала”.
Зараз Шумілавы жывуць ва ўласным доме.  Леанід Уладзіміравіч працуе рабочым па абслугоўванні ў Башнёўскай школе. Пра яго тут кажуць як пра талковага майстра і гаспадара, які “робіць у школе ўсё таксама ж, як у сябе дома”.
На думку Леаніда Уладзіміравіча, галоўнае ў сямейным жыцці – гэта разуменне. І Шумілавы шчаслівыя тым, што яно ў іх ёсць.  Жонка разумее, калі муж адпраўляецца на возера Будавесць на рыбалку – у гаспадара ж павінны быць свае “слабасці” і свае захапленні. Ну, а муж не супраць, калі гаспадыня ад-праўляецца “ў горад на шопінг”.
“Нам абодвум пашанцавала з характарам: мы  доўга не можам злавацца і трымаць крыўды адзін на аднаго, адным словам, адыходлівыя, – кажа гаспадар. – Я спакойны, а жонка яшчэ спакайней. Яна лічыць за лепшае лішні раз прамаўчаць, чым сказаць нешта крыўднае”. Дамашнюю работу Шумілавы прывыклі рабіць разам. Разам саджалі вішні, яблыні і грушы, якія ў мінулым годзе парадавалі багатым ураджаем. Разам даглядаюць летам гародніну і кветнік. Дзякуючы руплівасці гаспадароў, вяргіні мінулым летам былі самыя прыгожыя ў вёсцы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №13 ад 16.02.1016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *