Желание писать картины у Валентины Чижиковой зрело всю жизнь

Актуалии Духоўнае

Адкуль бяруцца мастакі?

Жыў-быў сабе чалавек і раптам пачаў пісаць карціны. Дзіва, скажаце вы. Так, талент і ёсць дзіва. Бог кожнаму чалавеку даў свой талент: аднаго ўзнагародзіў здольнасцю хутка бегаць, другога – вырошчваць важкія гарбузы, трэцяга – пісаць карціны. Валянціне Чыжыкавай з Шуміліна дастаўся шчодры мастацкі дар.

Проста раней ёй не хапала на гэта часу. Працавала ў іншай сферы – у медыцыне, расціла дзяцей, дапамагала бацькам, займалася грамадскай работай. Калі ж дзеці выраслі і раз’ехаліся, калі з’явілася права свабоды ад штодзённага васьмігадзіннага прафесійнага абавязку, а разам з ім і вольны час (якая раскоша для сучаснай вечна загружанай жанчыны!), жаданне ўзяць у рукі пэндзаль, якое таілася яшчэ са школьных гадоў, стала проста нясцерпным.
І яна рашылася. Выдатна, кажа, што ў наш час ёсць інтэрнэт з яго майстар-класамі, у тым ліку і для тых, хто ўпершыню замахнуўся на стварэнне мастацкага твора, а з чаго пачынаць – не ведае. Яна старанна чэрпала веды з усіх даступных крыніц, потым лёс сутыкнуў яе з мастаком-самавучкай Святланай Лісіцынай, якая жыве ў Лескавічах. Акрыленая парадамі і падтрымкай Святланы Сяргееўны, Валянціна Чыжыкава напісала сваю першую карціну “Летні матыў”.

таго часу мінула пяць гадоў. Валянціна Мікалаеўна прызнаецца, што мастацтва захапіла яе з галавой, што яна па-іншаму цяпер глядзіць на неба, на кветкі, на ваду, міжволі адзначаючы каляровыя адценні, святлацені. Шмат фатаграфуе, складае букеты і нацюрморты і не расстаецца з фарбамі.

У яе нарадзілася ўжо 60 карцін. 27 з іх прадстаўлены на персанальнай выставе “Натхненне”, якая адкрылася ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Асобна пра выставу. Як расказалі дырэктар музея Святлана Іванова і навуковы супрацоўнік Таццяна Церах, праект “Вітаем прыгажосць!” менавіта для таго і створаны, каб адкрываць самабытныя таленты творцаў нашага шумілінскага краю, паказваць яго людзям.
Дзве персанальныя выставы музей арганізаваў у мінулым годзе, сёлета гэта першая.

Актыўна дапамагае ў рэалізацыі праекта раённая ветэранская арганізацыя. Вось і на гэты раз на адкрыццё выставы прыйшлі актывісты ветэранскай арганізацыі, разам з супрацоўнікамі музея яны шчыра віншавалі Валянціну Чыжыкаву з яе персанальным “Натхненнем”, з захапленнем разглядвалі кожную карціну, а пасля вернісажу, калі ў музеі праходзіў вечар-партрэт у гонар гераіні, нажадалі ёй шмат новых ідэй і твораў.
“Летні матыў” – і вы адчуваеце подых ветру, “На арэлях – святло і лёгкасць агортваюць вас, “Півоні”, “Красуня”, “Рамонкі ў бірузовай вазе”, “Бэз” – вас чаруе пяшчотная раскоша цвіцення, “Фіялетавы захад”, “Макавае поле”, “Залаты полудзень, “Фрукты” – вы ўражаны сочнасцю колераў…

Імгненні прыгажосці, убачаныя мастаком і застыўшыя на палотнах, вы можаце ўбачыць самі – персанальная выстава Валянціны Чыжыкавай “Натхненне” будзе працаваць у музеі да сярэдзіны красавіка.

І яшчэ. Прыклад Валянціны Чыжыкавай зноў і зноў нагадвае нам: марыць і ажыццяўляць свае мары, якімі б нездзяйсняльнымі яны не здаваліся на першы погляд, ніколі не позна. Нельга не марыць. Нельга не спрабаваць. Бог кожнаму даў свой талент.

Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №23 ад 23.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *