Доска почёта Шумилинского района: Виктор Сеньков

Актуалии Общество Экономика

Слесар-сантэхнік з імем і стажам

Прозвішча Віктара Сянькова ў шумілінцаў на слыху: шмат каму даводзілася да яго звяртацца, калі ўзнікалі праблемы з сантэхнікай і каналізацыяй. І ўсе без выключэння добрым словам дзякавалі спецыялісту за аператыўную і кваліфікаваную дапамогу.
Віктар Савельевіч Сянькоў мае за плячыма багаты стаж работы. Пачынаў на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, пасля амаль дваццаць год адпрацаваў у камунгасе, і, зразумела, у рэкамендацыях і рэкламе не мае патрэбы. Любую “аварыю” выправіць, літаральна, з закрытымі вачыма і ў лічаныя хвіліны. Спец!
У пачатку года Віктар Сянькоў памяняў работу. Гэта была вымушаная мера: участак “Водаканала”, дзе працаваў слесар-сантэхнік, быў перададзены філіялу “Полацкводаканал”. Праўда, у практычным сэнсе амаль нічога не змянілася, пасада і абавязкі засталіся ранейшымі, хіба што дадаліся работы па прыватным сектары і па раёне. Ды і “месца дыслакацыі” стала іншым: брыгада базіруецца на ачышчальных збудаваннях, якія знаходзяцца за Шумілінам. Дабірацца, прызнаецца мужчына, пакуль не вельмі зручна.
А наогул работы па-ранейшаму хапае. Калі-нікалі здараюцца і аўралы. І ліквідуе  слесар-сантэхнік Віктар Сянькоў па звычцы аператыўна, прафесійна і якасна. Абавязкова пасля правядзе з кліентам «прафілактычную» гутарку, параіць, што рабіць можна, а што ні ў якім разе нельга, падкажа, якому вытворцу сантэхнікі можна давяраць, а якога пазбягаць.
Новае кіраўніцтва таксама паспела ацаніць прафесійныя і чалавечыя якасці Віктара. І таксама пераканана, што прозвішча В. С. Сянькова невыпадкова занесена на раённую Дошку гонару. Ён гэтага заслужыў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №23 ад 23.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *