В Шумилинском районе идёт проверка готовности школ к 1 сентября

Актуалии Образование

Жнівеньскія экзамены для школ і садоў
З 10 па 15 жніўня ў раёне праходзіць праверка гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Для камісіі, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, тыдзень выдаўся вельмі гарачым ва ўсіх адносінах. Трэба пабываць у кожнай школе і дзіцячым садку, праверыць якасць падрыхтоўкі, азнаёміцца, у якіх умовах будуць займацца дзеці, вынесці вердыкт аб гатоўнасці да 1 верасня.
Першымі экзамен трымалі навучальныя ўстановы Шуміліна, іх у райцэнтры восем.
Камісіі спатрэбіўся цэлы дзень напружанай работы, каб агледзець усе школьныя класы і садаўскія пакоі, праверыць харчблокі і санвузлы, асвятленне і водазабеспячэнне, спартыўную базу, спраўнасць электрычных вузлоў, пазнаёміцца з добраўпарадкаваннем, цяпліцамі, агародамі, вывучыць шэраг іншых спраў.
У цэлым трэба адзначыць, што калектывы навучальных устаноў райцэнтра вельмі многа зрабілі за лета, цэнтнеры фарбы і кіламетры шпалераў патрацілі яны на тое, каб аднавіць сцены і падлогу, зрабіць вучэбныя і гульнявыя пакоі светлымі і ўтульнымі.
Шумілінская СШ №1.
Годны знешні выгляд, які школа набыла пасля нядаўняга капітальнага рамонту, адпавядае статусу першай школы. Між тым, старшыня камісіі А. М. Зайцаў адзначае, што неабходны капітальны рамонт і ўнутры, найперш па замене сантэхнічнага абсталявання, аднаўлення падлогавага пакрыцця. Анатоль Мікалаевіч перакананы, што рамонт будзе абавязкова праведзены пры больш спрыяльным фінансавым становішчы. Але і ў гэтым годзе школа не засталася без набыткаў, яна атрымала новае абсталяванне для кабінета фізікі. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова расказала, што падарунак коштам  у 40 мільёнаў прафінансаваў бюджэт. Сам жа калектыў школы правёў касметычны рамонт класных пакояў, актыўна дапамагалі бацькі.  Дырэктар СШ №1 Н. В. Мясаедава ацаніла гэтую дапамогу ў 15 мільёнаў рублёў. СШ №1 не саступае свайго лідэрства і па колькаснаму складу. 104 першакласнікі прыйдуць сюды 1 верасня, для іх сфарміраваны чатыры класы.
Шумілінская СШ №2.
Школа разам з жылым мікрараёнам перажывае зараз  адраджэнне, сёння яе называюць перспектыўнай. 1 верасня тут за парты сядзе больш за 220 вучняў, 44 з іх – першакласнікі (калісьці пра такое можна было толькі марыць).  Як і ў СШ №1, тут таксама ўстанавілі камеры відэаназірання, што павінна спрыяць павышэнню бяспекі і дысцыпліны, таксама вырасцілі добры ўраджай памідораў і перцаў.
Тым не менш члены камісіі, у першую чаргу санітарная служба і энергетыкі выказалі нямала заўваг, яны павінны быць выкананы ў самы бліжэйшы час, бо размова ідзе пра здароўе і бяспеку дзяцей.
Раённы цэнтр дзяцей і моладзі
Нягледзячы на тое, што Цэнтр дзяцей і моладзі нясе статус установы дадатковай адукацыі, ён заслугоўвае, каб мы ўдзялілі яму пэўную ўвагу. Адно тое, што тут знаходзяць сабе занятак больш за 500 чалавек дарослых і дзяцей, заслугоўвае павагі. Дададзім яшчэ, што за мінулы год гэта ўстанова зарабіла 87 мільёнаў рублёў, а гэта лепшы паказчык у вобласці. Калектыў пастаянна прапануе новыя віды заняткаў: школа ранняга развіцця для дашкольнікаў, спартыўная секцыя вавінам в’ет во дао, пілатэс і іншыя спартыўна-танцавальныя заняткі для дарослых. І зараз дырэктар ЦДМ Р.А Туманава разам са сваім калектывам працуюць над новымі творчымі праектамі. Дарэчы, пра калектыў. Вельмі прыемна было, што на дзень работы дзяржаўнай камісіі па праверцы гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года амаль усе работнікі былі на месцах, кабінеты былі падрыхтаваны і адчынены, не трэба было бегаць шукаць ключы і вымушаць марнаваць каштоўны час. Гэта элементарная тактоўнасць і павага, што таксама каштоўна.
Шумілінскія і Светласельскі дзіцячыя сады.
Як бы нам таго не хацелася, але шумілінскія дзіцячыя сады нельга назваць прывабнымі для сучасных тат і мам. Непрывабныя знешне, са старымі вокнамі і дахамі, з парэпаным асфальтавым пакрыццём тэрыторый, яны не ідуць у параўнанне з аграгарадкоўскімі садкамі, дзе зроблены рамонт, пастаўлена сучасная мэбля, абсталяванне.

Вядома, тут няма віны калектываў гэтых устаноў. Яны сёння стараюцца як могуць паднавіць, падклеяць, падфарбаваць. Пры гэтым яны працягваюць выконваць свае штодзённыя абавязкі па выхаванню дзетак. І бацькі, і спонсары разумеюць такую сітуацыю, стараюцца дапамагчы. Так, загадчык дзіцячага сада №1 А. М. Садохіна выказвала вялікую ўдзячнасць за спонсарскую дапамогу калектывам ПМК-70, ПМС, “Ханзэ-Хольц”, а пра памочнікаў дзетсада №4 яго загадчык З. А. Зазыба наогул папрасіла напісаць асобны артыкул.
Светласельскі дзетсад, дзякуючы таму, што ўдалося трапіць у Праграму адраджэння сяла, сёння выглядае больш прыстойна,чым гарадскія шумілінскія. Але дзетак тут мала, да 1 верасня чакаюць крыху больш за 40 выхаванцаў, на якіх прыходзіцца больш за дваццаць работнікаў – выхавальнікаў, іх памочнікаў, тэхперсаналу. Можа б, сюды цэнтралізавана вазіць дзетак з “Брыкету”, бо цяжка глядзець, як яны месцяцца ў маленькіх  памяшканнях дзетсада №4.
Па садах нямала заўваг зрабіў галоўны санітарны ўрач раёна С. А. Конышаў. У ягоных патрабаваннях няма нічога звышнатуральнага: ва ўсіх навучальных установах павінна быць гарачая вада, хала-дзільнае абсталяванне павінна працаваць бесперабойна, асабліва ў такую спякоту, на харчблоках павінна быць выцяжка, каструлі не павінны быць абабітыя… Калі размова ідзе пра здароўе дзяцей, тут няма дробязей. У цэлым камісія дала станоўчую адзнаку падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі Шуміліна да новага навучальнага года і ўзяла накірунак на сяло.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 63 ад 14.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *