Антон Иванович Бондаренко освобождал от фашистов Украину

Актуалии

Ваяваў у Данбасе за мір
Сённяшнія ваенныя падзеі на Украіне вельмі балюча адгукаюцца ў душы ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Антона Іванавіча Бандарэнкі з вёскі Федзькава. Справа ў тым, што мужчына ваяваў на Паўднёвым фронце. Ён, радавы савецкі салдат, адзін з тых, хто абараняў і вызваляў Украіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У час нашага прыезду ў Федзькава з Антонам Іванавічам была дачка Марыя. “Прыхварэў крыху бацька, відаць, ператаміўся: калоў дровы, – расказала Марыя Антонаўна. – Забараняем працаваць, але ён проста не можа сядзець без справы. Прывык рупіцца ўсё жыццё: і на дамашняй гаспадарцы, і на калгасным цялятніку”.
Антон Іванавіч аказаўся цікавым суразмоўцам. Расказаў, што нарадзіўся ў Рыпіншчыне, што ў  1941 годзе трапіў на фронт. “Прайшоў курс маладога байца і – у бой, – кажа ветэран. – Першы бой помню слаба. Адно запомнілася: было страшна. Наша дывізія ваявала ў асноўным на Украіне. Помню, я спачатку разгубіўся. І нейкі салдат, больш сталага ўзросту, крыкнуў мне: “Трымайся, баец!”. І мяне як токам ударыла: трэба ж страляць. Калі не я заб’ю ворага, то ён мяне. Пасля некалькіх баёў страх прападаў, была толькі злосць на ворага, які хацеў захапіць нашу краіну”.
Антон Іванавіч расказаў, што асабліва страшныя баі былі ў Растоўскай вобласці. “Час не адчуваўся, здавалася, усе дні пераблыталіся паміж сабой, – успамінае ветэран. – Болем апякала сэрца, калі ўвечары ў бой уступалі чалавек трыста, а вярталася толькі палова”.
Плячо ў плячо ваявалі не толькі беларусы, але і казахі, і рускія, і ўкраінцы. Усе дапамагалі адзін аднаму. А. І. Бандарэнка згадаў такі выпадак, калі прастудзіўся і захварэў. Але адпраўляцца ў шпіталь з прастудай – гэта ж быў сорам. Выручыў адзін мясцовы ўкраінец. Вылечыў, як кажуць, народным спосабам, і тэмпературу як рукой зняло.
Праз дзень Антон Бандарэнка быў зноў у баі. “Акапаўшыся, мы трымалі абарону перад самым носам праціўніка, – згадвае ветэран. – Перастрэлкі былі вельмі частымі. Фашысцкія самалёты рэгулярна бамбілі пазіцыі савецкіх войскаў. Жорсткія баі, можна сказаць, вяліся і ноччу, і днём”.
Антон Іванавіч расказаў пра вызваленне горада Марыупаля. Асабліва запомніліся ветэрану наступальныя аперацыі ў 1943 годзе ля ракі Міус, як савецкія салдаты па загаду кінуліся ўрукапашную з немцамі.
У адным з баёў, калі занялі агнявую пазіцыю, наляцелі варожыя самалёты і пачалі бамбіць. І Антону Іванавічу нібы хто паласнуў па руцэ нажом. Як маланкай, штосьці заіскрылася перад вачыма, востры боль працяў усё цела. Калі апрытомнеў, доўга не мог зразумець, ці жывы. Калі адкрыў вочы, убачыў жудасную карціну: уся рука ў крыві, а пальцаў не хапае…
Так і пражыў усё жыццё без трох пальцаў на руцэ. Кажа, што яму яшчэ пашанцавала – выжыў. Напэўна, дапамаглі матчыны малітвы, якая ўсю вайну хадзіла маліцца за свайго сына ў касцёлы ў Полацк і Сянно.
“Дзіўная рэч – памяць, – кажа ветэран. – Хачу забыць вайну, а не магу. А вам, маладым, трэба памятаць пра тое, чаго не перажылі і не бачылі”.
Пра подзвіг свайго бацькі і дзядулі ведаюць ягоныя пяцёра дзяцей, восем унукаў і пяць праўнукаў. Ведаюць і помняць пра подзвіг савецкіх салдат. Помнім і мы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *