В редакции на «прямой линии» работала нотариус Анжела Хасратова

Новости Общество

Пра афармленне спадчыны, завяшчанне і наследнікаў

У мінулы аўторак да нас у рэдакцыю завітала натарыус Віцебскай натарыяльнай акругі Анжэла Умронаўна Хасратава і на працягу гадзіны ў рэжыме анлайн адказала на пытанні нашых чытачоў. На “прамую лінію” патэлефанавалі 9 чалавек, двое з іх звярнуліся не па кампетэнцыі натарыуса і былі перанакіраваны ў камунальную службу.

? Мая маці перад смерцю купіла на тэрыторыі Шумілінскага раёна жылы дом, прадаўшы кватэру ў Наваполацку. Дзе мне, дачцэ, афармляць спадчыну?
– Артыкулам 1036 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначана, што месцам адкрыцця спадчыны з’яўляецца апошняе месца жыхарства спадчынадаўцы. У вашым выпадку прыняцце спадчыны будзе ажыццяўляцца шляхам падачы заявы натарыусу, які ажыццяўляе натарыяльную дзейнасць на тэрыторыі Шумілінскага раёна.
– Што з сабой трэба ўзяць?
– Пашпарт; пасведчанне аб смерці маці; дакумент, які пацвярджае роднасць адносін; калі ёсць завяшчанне, дык і завяшчанне; дакумент на нерухомую маёмасць.
? У 2016 годзе я прадала кватэру ў адным населеным пункце і купіла 3-х пакаёвую ў Шуміліне. Зараз стала дорага плаціць. У якія тэрміны можна прадаць ці абмяняць кватэру, каб не плаціць падатак?
– Прадаць кватэру без выплаты падатку вы можаце не раней, чым праз пяць год з моманту продажу першай кватэры.
? У мяне памёр муж. Хто з’яўляецца яго
наследнікамі?
– Па законе наследнікамі першай чаргі з’яўляюцца дзеці, жонка і бацькі памёрлага. Усе яны могуць прэтэндаваць на спадчыну.
? Бабуля хоча падарыць мне кватэру. Што ёй лепш зрабіць: завяшчаць ці падарыць?
– Завяшчанне і дагавор дарэння – два абсалютна розныя натарыяльныя дзеянні. Завяшчанне – волевыяўленне грамадзяніна па распараджэнні належачай яму маёмасці на выпадак смерці. Сам грамадзянін вызначае кола наследнікаў, памер іх доляў. Для складання завяшчання неабходна, каб грамадзянін, які складае авяшчанне, валодаў дзеяздольнасцю ў поўным аб’ёме. Завяшчанне можна перапісаць, адмяніць.
А вось дарэнне – гэта здзелка паміж дарыцелем і адорваемым. Для таго, каб здзелка адбылася, неабходна, каб адорваемы даў згоду на прыняцце ў дар маёмасці.
Пры засведчанні здзелкі дарэння адорваемы становіцца новым уласнікам падоранай маёмасці. Стаўшы ўласнікам, ён мае права валодаць, карыстацца і распраджацца маёмасцю без згоды дарыцеля. Праўда, калі дарыцель перажывае адорваемага, ён можа адмяніць здзелку дарэння.
? Мая маці, грамадзянка Расійскай Федэрацыі, памерла ў студзені 2018 года ў Мурманску, дзе жыла і была зарэгістравана. У Обалі яна пры жыцці купіла кватэру, на якую ёсць копія завяшчання, дзе наследнікамі ўказаны двое яе ўнукаў. Як аформіць спадчыну? І ці буду я, дачка, з’яўляцца наследніцай?
– Колькі вам поўных год? І ці ёсць у вашай маці яшчэ дзеці?
– Дзяцей няма, я адна, мне 64 гады.
– Адносіны па наследаванні вызначаюцца па праву краіны, дзе спадчынадаўца меў апошняе месца жыхарства. У вашай сітуацыі Расійскай Федэрацыя, горад Мурманск. Наследаванне нерухомасці вызначаецца па праву краіны, дзе знаходзіцца гэта маёмасць. Маёмасць зарэгістравана ў Беларусі, значыць, па праву нашай краіны.
Вам неабходна звярнуцца ў натарыяльную кантору па апошнім месцы жыхарства маці, г. зн. у Мурманску, там наследнікам, указаным у завя-шчанні, неабходна прыняць спадчыну шляхам падачы заявы. У адносінах да нерухомасці ў Беларусі, якая таксама ўваходзіць у склад спадчыны памёрлай, неабходна таксама завесці спадчынную справу ў натарыяльнай канторы Шумілінскага раёна, шляхам падачы заявы на прыняцце спадчыны наследнікамі. Па справе натарыус зробіць усе неабходныя запыты кампетэнтным органам Расійскай Федэрацыі для выдачы пасведчання права на спадчыну па завяшчанні на кватэру наследнікам.
Вы таксама з’яўляецеся наследніцай па законе на абавязковую долю пасля смерці маці і наследуеце незалежна ад зместу звяшчання не менш паловы долі, якая належала б кожнаму пры наследаванні па законе.
?  Майму бацьку належала зброя, бацька памёр. Ці магу я яе атрымаць па спадчыне?
– Належачая на праве ўласнасці спадчынадаўцу грамадзянская зброя, знаходжанне якой у абарачэнні дапускаецца па спецыяльным дазволе, уваходзіць у склад спадчыны і наследуецца на агульных падставах. На прыняцце такой спадчыны не патрабуецца спецыяльны дазвол.
Указаная зброя пры смерці ўласніка канфіскуецца і бярэцца на захоўванне ўпаўнаважанымі органамі. Наследнік, які не мае спецыяльнага дазволу, не можа валодаць і карыстацца грамадзянскай зброяй, а значыць, распараджацца ёю. Каб атрымаць такі дазвол, яму неабходна звярнуцца ў пэўны тэрмін ва ўпаўнаважаныя органы.
?  У мяне тры месяцы таму памёр муж. Кватэра, у якой мы пражывалі, аформлена на мяне. Ці магу я зараз прадаць кватэру?
– Калі адзін з супругаў памёр, а маёмасць знаходзілася ў сумеснай уласнасці абодвух і зарэгістравана на імя перажыўшага, дагавор аб адчужэнні маёмасці не можа быць засведчаны раней заканчэння тэрміну, устаноўленага Грамадзянскім кодэксам для прыняцця спадчыны (6 месяцаў).
Па заканчэнні тэрміну для прыняцця спадчыны натарыус па месцы адкрыцця спадчыны запатрабуе звесткі пра наследнікаў, прыняўшых спадчыну. Калі спадчынная справа не адкрывалася, натарыус запатрабуе звесткі з апошняга месца жыхарства спадчынадаўцы і (ці) па месцы знаходжання адчужаемага жылога дома (кватэры), пражываючых са спадчынадаўцай на дзень адкрыцця спадчыны альбо на працягу тэрміну для прыняцця спадчыны.
Пры наяўнасці наследнікаў, прыняўшых спадчыну, дадзены дагавор адчужэння засведчваецца з іх згоды.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №24 ад 27.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *