Прафсаюзы супраць карупцыі

Новости Общество

Прафсаюзы супраць карупцыі

У цэнтры банкаўскіх паслуг № 225 ААТ “ААБ Беларусбанк” прайшоў семінар-нарада для прафсаюзных лідараў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Шумілінскае раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў.
Карупцыя, яе віды, крымінальная адказнасць за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі – вось тыя асноўныя пытанні, якія былі вынесены на парадак дня. У нашай краіне барацьба з карупцыяй з’яўляецца прыярытэтным кірункам у  забеспячэнні бяспекі дзяржавы. Створана неабходная заканадаўчая база, у якой галоўным дакументам з’яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”,  а прававой асновай дзейнасці для барацьбы з карупцыяй з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы і заканадаўчыя акты,  адзначыў намеснік пракурора раёна Андрэй Дзергачоў. Андрэй Аляксандравіч падрабязна і даступна расказаў, што да карупцыйных правапарушэнняў адносяцца вымаганне маёмасці альбо іншай выгоды ў выглядзе паслугі, заступніцтва, абяцання перавагі для сябе ці трэціх асоб у абмен на любое дзеянне ці бяздзеянне пры выкананні службовых (працоўных) абавязкаў. На жаль, такія правапарушэнні маюць месца на тэрыторыі вобласці і раёна. Так, за мінулы год на Віцебшчыне зарэгістравана 276 уліковых карупцыйных злачынстваў. Сярод іх пераважаюць крадзеж шляхам  злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (90), злоўжыванне ўладай (87), хабарніцтва (73). За такія і іншыя злачынствы летась былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці больш за 100 жыхароў Віцебшчыны. Карупцыйныя злачынствы мелі месца ў розных сферах дзейнасці: адукацыі (51), на транспарце (48), на аб’ектах аграпрамысловага комплексу (36), гандлю (20).
У мінулым годзе ў нашым раёне былі зарэгістраваны два карупцыйныя злачынствы. У абодвух выпадках гэта былі крадзяжы з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў. Так, адзін кіраўнік купіў колы для свайго асабістага аўтамабіля за грошы сельгаспрадпрыемства, другая службовая асоба прадавала прадукцыю сельгарганізацыі, а грошы клала ва ўласную кішэню.
Андрэй Дзергачоў заклікаў прафсаюзных лідараў тлумачыць на сходах і нарадах работнікам прадпрыемстваў і арганізацый, што карупцыя – гэта злачынства, якое вядзе да крымінальнай адказнасці.
Пра гэта ж вяла размову прававы інспектар Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Ірына Сямёнава, якая свой прыезд у раён прымеркавала да семінара-нарады. Ірына Ягораўна звярнула ўвагу на тое, што кожная  выкарыстаная капейка ў прафсаюзных пярвічках  павінна быць пацвержнана адпаведнымі дакументамі, расказала пра некаторыя памылкі ў калектыўных дагаворах, памылкі пры правядзенні прафсаюзных сходаў і пры выбарах старшынь прафкамаў. Як высветлілася, нават у рабоце прафсаюзных лідараў можа быць угледжаны прыкметы карупцыйных дзеянняў.  Таму Ірына Ягораўна заклікала працаваць згодна з патрабаваннямі заканадаўчых актаў і не злоўжываць службовымі паўнамоцтвамі.
Напрыканцы семінара-нарады І. Я. Сямёнава правяла “прамую лінію” і прыём грамадзян.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №28 ад 10.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *