Ярка, патрыятычна і маштабна Шуміліншчына адзначыла Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемствы былі напоўнены духам урачыстасці, глыбокай памяці і гонару за Радзіму.
Святочнасці ў Шуміліне пачаліся на цэнтральнай плошчы. Жыхароў раёна з галоўным святам краіны павіншавалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Галынчык і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь генеральны дырэктар КЗ «Віцебск» Глеб Лапіцкі, які ў якасці шаноўнага госця прымаў удзел ва ўрачыстасцях.
На цэнтральнай плошчы прайшло яркае, маштабнае, патрыятычна-святочнае шэсце «Мая зямля, мая Радзіма названа светла – Беларусь».
Былі прадстаўлены экспазіцыі арганізацый раёна, пачынаючы ад сельскай гаспадарка і да сацыяльнай сферы – кожная мабільная пляцоўка сімвалізавала працу і майстэрства жыхароў Шуміліншчыны.
На воінскае пахаванне ў Шуміліне ўсклалі кветкі, памяць герояў ушанавалі хвілінай маўчання.
Месцам, дзе сустрэліся творчасць і натхненне, радасць і вяселле, стаў гарадскі парк. Тут разгарнуліся шматлікія тэматычныя пляцоўкі-лакацыі: Гасцінны дворык, Вясковы дворык, Рамесны дворык, Дзіцячы дворык, Гандлёвы дворык – з музыкай, майстар-класамі, пачастункамі, забавамі, сюрпрызамі і святочным настроем.
Гасцінна запрасілі да сябе «Хлебны падворак» Обальскага сельсавета, «Малочны падворак» Мікалаеўскага сельсавета, «Гаспадарчы падворак» Лаўжанскага і Дабейскага сельсаветаў, «Рыбны падворак» Светласельскага сельсавета, «Мядовы падворак» Сіроцінскага сельсавета, «Дамашні паграбок» Мішневіцкага сельсавета, «Зялёны палісад» Каўлякоўскага сельсавета.
Завіталі на «Рамесны дворык». Творчыя, таленавітыя і майстравітыя ў нас шумілінцы, што ні кажыце!
Ну, і куды ж нам, беларусам, без СТАРЫХ ПЕСЕНЬ ПРА ГАЛОЎНАЕ?! Асабліва ў такі незвычайна важны дзень!
Спяваем у гарадскім парку разам з Шумілінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай
Сэрца Шуміліншчыны б’ецца ў рытме народных песень, а яе душа спявае ў галасах таленавітых артыстаў. Кожны гук, кожны жэст і кожнае слова прасякнуты любоўю да роднай зямлі. Канцэрт народных калектываў Шумілінскага раёна «Я за цябе сэрцам, Беларусь» сабраў многа гледачоў.
Шуміліншчына спартыўная: «ударылі па спорце». Усе маглі знайсці сабе ў гарадскім парку заняткі і забавы па інтарэсах. Прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і спорту чакала спартыўная пляцоўка каля фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.
Маладзёжны праект «Моднае#народнае» — яркі і феерычны працяг святкаванняў Дня Незалежнасці ў Шуміліне, падчас якога ўстановы адукацыі прэзентавалі беларускія народныя касцюмы. У галоўнае свята краіны юныя беларусы спявалі беларускія песні і танцавалі народныя танцы, чыталі вершы. Усе атрымалася душэўна і цёпла.
Лазертаг — не проста стралялка, як у дзяцінстве, гэта ваенна-патрыятычная спартыўная гульня, якая прывівае і дзецям, і дарослым ваенна-патрыятычныя каштоўнасці і дае магчымасць ведаць і выконваць законы. Пра гэта заўважыў Ілья Дзятлаў, які арганізаваў ў гарадскім парку гульню ў лазертаг.
Шумілінцы прадоўжылі святкаваць Дзень Незалежнасці, стаўшы ўдзельнікамі канцэрта віцебскага кавер-гурта «Ч.Т.О.», які выступіў на сцэне ў гарадскім парку. Жывы гук, усім вядомыя кампазіцыі, энергетыка вакаліста стварылі сапраўды незабыўную святочную атмасферу.
Пасля прадоўжылі танцаваць і спяваць з шумілінскім «Акцэнтам».
Святочны дзень у Шумiлiне завяршыўся акцыяй «Спяваем Гiмн разам» і феерверкам.
Са святам, родная і любімая Беларусь! З Днём Незалежнасці!
Больш фота і відэа глядзіце ў нашых сацыяльных сетках ВК, Адн, Інстаграм, Тэлеграм-канале, ЦікТок.

































