Чемпион вкуса «Витконпродукт» пришёл в Шумилино 14 лет назад

Экономика

Пра каўбасы, сардэлькі і званне “Чэмпіён смаку”

Чатырнаццаты год працуе ў Шуміліне цэх забою птушак ААТ “Вітконпрадукт”, які ўваходзіць у склад аграпрамысловага комплексу “Славянскі Велес”.
Напэўна, цэх забою – адно з нямногіх прадпрыемстваў раёна, якое за мінулы год спрацавала рэнтабельна. Так, летась у параўнанні з 2016 годам выпуск мяса птушкі ў забойнай вазе павялічыўся на 16% і склаў 2142 тоны.  Прыбытковая работа – гэта годная заработная плата, а таксама прэміі і матэрыяльныя заахвочванні да святаў. На прыватным прадпрыемстве не церпяць лайдакоў і выпівох – такія, як правіла, хутка звальняюцца. Акрамя таго, у цэху работа цяжкая, і вытрымліваюць яе не ўсе. З-за недахопу мясцовых спецыялістаў і рабочых у забойны цэх прыязджаюць  працаваць з Віцебска і Бешанковічаў.
Зараз на прадпрыемстве працуе больш за трыста чалавек. Напэўна, самая цяжкая работа на ўчастку забою птушкі, куды кожны дзень прывозяць па 40-50 тысяч куранят. Потым птушка паступае на ўчастак фасоўкі і раздзелкі, затым – на перапрацоўку.
Шосты год у шумілінскім цэху працуе ўчастак варана-вэнджанай прадукцыі. За гэты час яго прадукцыя  зарэкамендавала сябе на рынку. І па якасці вырабленых каўбас і паўфабрыкатаў, і па іх колькасці работнікі ўчастка за мінулы год спрацавалі добра. І пра гэта сведчаць лічбы: у мінулым годзе вырабілі прадукцыі 6955 тон, гэта амаль на 12% больш, чым у 2016 годзе.
“Нашы каўбасы вырабляюцца з натуральнай сыравіны, бо куранят-бройлераў у Шумілінскім, Бешанковіцкім, Лепельскім, Сенненскім і Талачынскім раёнах вырошчваюць без прымянення гармонаў росту і антыбіётыкаў. Ахалоджаная прадукцыя маркіравана знакам “натуральны прадукт”. Зараз мы выпускаем каля ста відаў каўбас, – расказаў начальнік забойнага цэха Павел Шустроў. – Сярод традыцыйных –  “купецкая”, “еўрапейскі сервелат” і “доктарская”. А яшчэ пачалі адгружаць у гандаль субпрадукты. Стараемся, каб нашы закускі былі падобныя на дамашнія – пачалі выпускаць “бабулін студзень” і “сальцісон дамашні”. Увогуле маркетолагі нашага прадпрыемства не стаяць на месцы. Практычна кожны квартал у цэху варана-вэнджанай прадукцыі выпускаюцца новыя віды каўбас. Прычым, у распрацоўцы рэцэптуры прымаюць удзел і шумілінскія тэхнолагі. Напрыклад, рулет “святочны” выраблены па ініцыятыве шумілінскіх тэхнолагаў. І мы вельмі задаволены, што ён карыстаецца попытам сярод пакупнікоў. Яшчэ мы можам пахваліцца тым, што нашы сардэлькі “вяндлінныя” заваявалі Гран-пры і былі ўдастоены звання “Чэмпіён смаку” ў рэспубліканскім конкурсе “Чэмпіён смаку-2017”, вынікі якога былі падведзены ў студзені гэтага года. Гэта перамога ўсяго нашага калектыву”.
Прадукцыя шумілінскага забойнага цэха карыстаецца попытам не толькі на айчынным рынку, але і ў Ра-сійскай Федэрацыі, Казахстане. Разам з тым прадпрыемства сёння шукае новыя рынкі збыту і новых пакупнікоў. Дзеля гэтага “Славянскі Велес” адкрыў па рэспубліцы больш за дваццаць магазінаў і павільёнаў, ёсць “Мясная лаўка” і ў Шуміліне. Дарэчы, хутка ў продажы з’явіцца новая прадукцыя – каўбаскі “мядовыя” з праванскімі травамі і “рулет з чарнаслівам”. Спецыялісты прадпрыемства штодзённа працуюць над павышэннем смакавых уласцівасцяў прадукцыі і над павелічэннем тэрміну годнасці прадукцыі. Дзеля апошняга выкарыстоўваюць  парагазанепранікальныя абалонкі, тэрмаўсадачную і вакуумныя ўпакоўкі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №28 ад 10.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *