В Светлосельском сельсовете: местная власть и решение местных проблем

Актуалии Власть Сельское хозяйство

Знаёмства і вывучэнне праблем

Месяц таму на пасаду старшыні Светласельскага сельскага Савета дэпутатаў быў абраны Дзмітрэнка Аляксандр Рыгоравіч, чалавек не новы ў раёне, ён да выхаду ў адстаўку працаваў начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў. На мінулым тыдні старшыня сельсавета адправіўся ў вёскі Полцева, Цербяшова, Лажок, Дубраўскія, Саладухі Пушчавыя, Башні, Лескавічы для знаёмства і вывучэння праблем.
На сходах, акрамя мясцовай улады, у складзе рабочай групы прысутнічалі пракурор раёна Сяргей Зайцаў, начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч, участковы інспектар Дзмітрый Шадзько. У іх на мэце было правесці прафілактычную работу, ім таксама было што сказаць вяскоўцам і пра што папярэдзіць.
Зараз наступіў самы пажаранебяспечны сезон, заўважыў начальнік РАНС. У гэтай сувязі ў раёне праходзіць акцыя “За бяспеку разам!”, якая прадугледжвае прафілактычную работу сярод грамадзян найперш па бяспечных паводзінах на прысядзібных тэрыторыях. Цяпер, калі ўсе вакол прыводзяць у парадак падворкі, вельмі востра стаіць пытанне спальвання мінулагодняй травы. “Сухую траву паліць ні ў якім разе нельга, –  папярэджваў Андрэй Іванавіч. – Смецце ж на сваім участку паліць дапушчальна, але ў бязветранае надвор’е, пад пастаянным кантролем і пры наяўнасці сродкаў пажаратушэння, напрыклад, вядра з вадой. Вогнішча можна разводзіць не бліжэй за 10 м ад пабудоў, 20 м – ад лесу”. Між іншым гора-прыбіральшчыкаў чакае штраф – ад 10 да 40 базавых велічынь.
Трэба адзначыць, што людзі вельмі актыўна збіраліся на першую сустрэчу з новым старшынёй. Выказвалі пажаданні, агучвалі надзённыя праблемы, размаўлялі. А Аляксандр Рыгоравіч занатоўваў прэтэнзіі, абазначаў праблемы, даводзіў неабходную інфармацыю.
“Са святлом і гандлем, па вялікаму рахунку, усё ў парадку, – падвёў вынікі сходаў Аляксандр Рыгоравіч. – Практычна не было сур’ёзных нараканняў па дарогах. А вось у схеме і парадку нарыхтоўкі дроў для жыхароў гэтых вёсак трэба разбірацца дэталёва. Аддаленасць лясніцтваў дае пра сябе ведаць – транспартныя выдаткі ў разы пераўзыходзяць кошт саміх дроў. Будзем шукаць выйсце”.
Літаральна на наступны дзень пасля сходу старшыня сельсавета даў тлумачэнні жыхарам аграгарадка Башні па водазабеспячэнні. І ў ліку першачарговых задач назваў дэмантаж старой агароджы ў Башнях і Лескавічах, уладкаванне дзіцячай пляцоўкі ў аграгарадку. Работа распачалася, да рабочых сельсавета далучыліся і вяскоўцы, якім не ўсё роўна, як будзе выглядаць іх дом, падворак, іх вёска.
У той жа дзень у Башнёўскай школе адбылося пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, на якім была праведзена прафілактычная работа з грамадзянамі, якія не ўмеюць ці не хочуць жыць па законе, прыстойна паводзіць сябе і выконваць свае прамыя абавязкі.
Па словах старшыні сельвыканкама, да канца красавіка ён сустрэнецца з усімі жыхарамі вёсак Савета, каб быць у курсе спраў і праблем.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №30 ад 19.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *