Доска почёта Шумилинского района: Анна Корнякова

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Загадчыца склада Альбертаўна
Прозвішча Ганны Альбертаўны Карняковай, загадчыцы цэнтральнага склада сялянскай (фермерскай) гаспадаркі “Раднік”, занесена на раённую дошку Гонару.
З Ганнай Альбертаўнай кожны раз сустракаемся ў час пасяўной і ўборачнай. І кіраўнік гаспадаркі Ю. В. Сямёнаў  хваліць гэтую шчырую працавітую жанчыну, кажа, што яна граматны спецыяліст у раслінаводстве,  “пацягнула б”  і пасаду галоўнага агранома. Мы сустрэліся з Ганнай Альбертаўнай на яе рабочым месцы і задалі традыцыйныя пытанні.
Чым Вы ганарыцеся?
– Каб нечым значным ганарыцца, то такога няма. Сама сабе зайздрошчу, што сорак гадоў адпрацавала ў адной гаспадарцы, прычым трыццаць пяць з іх – загадчыцай склада.  Я ў адказе за зерне, камбікорм, насенне траў і бульбу. Асаблівую адказнасць адчуваю, калі вясной адпускаю насеннае зерне, а восенню прымаю пшаніцу ці ячмень у склад на захоўванне. Тады ў складзе стаіць асабліва непаўторны водар: пахне хлебам.
Што тычыцца ўласнага жыцця, то ганаруся сваімі дзецьмі: дзвюма дочкамі і сынам. Падабаецца, што яны выраслі працалюбівымі і шчырымі людзьмі, якія любяць зямлю, на якой жывуць. Сын Дзмітрый, напрыклад, працуе механізатарам у мясцовай гаспадарцы, тут жа ўладкаваўся і зяць Анатоль.
Сярод маіх захапленняў – гэта агародніцтва і вязанне. Душу ахоплівае гордасць, калі вырошчваю добры ўраджай памідораў і гуркоў. З захапленнем гляджу на свае звязаныя світары і камізэлькі. Думаю зноў узяцца за любімую справу, але ўсё не хапае часу.
Пра што марыце?
–  Вось ужо пяты год як я працую на пенсіі, але мару, каб бог і яшчэ даў сілы і здароўе. Бо мясцовая гаспадарка, мая работа – гэта нешта надзвычай роднае, як сям’я ці дзеці. Здаецца, часам хачу застацца дома і выспацца ўдосталь, але становіцца не па сабе, калі раптам уяўляю, што не буду працаваць. Больш таго, трэба дапамагчы паставіць на ногі трох унукаў. Мару яшчэ і пра ўнучачку, можа і дасць бог. Ну, і , вядома, самае шчырае жаданне жанчыны – гэта шчасце для сваіх дзяцей. Будуць яны шчаслівыя – будзе і мне добра.
Ёсць у мяне маленькая мара і асабіста для сябе: хачу купіць ноўтбук. Але грошай назбіраць ніяк не атрымліваецца. Жыву сённяшнім днём, і ніколі не адкладваю грошы на “чорны дзень”. Так хочацца, каб яго ў маім жыцці ўвогуле не было.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №75 ад 25. 09. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *