В Шумилино прошёл областной семинар агрономов

Сельское хозяйство Экономика

Накірунак – на зернебабовыя
У канцы мінулага тыдня ў вялікай зале Дома Саветаў адбыўся абласны семінар аграномаў. Правёў семінар намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Віцебскага аблвыканкама І. І. Фёдараў.
Зараз самы час рыхтавацца да пасяўной, што, як і калі сеяць, якія інавацыйныя  тэхналагічныя прыёмы найбольш мэтазгодна выкарыстоўваць – гэтыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі. Парады вучоных былі карысныя і для пачынаючых аграномаў, і для вопытных, бо раслінаводства не стаіць на месцы. Пра тое, што ў галіне паспяхова выкарыстоўваюцца сучасныя, навукова апрабаваныя метады, больш прадукцыйныя гатункі насення, больш якасныя ўгнаенні, расказала прысутным дырэктар аграпрамысловага таварыства “Сейбіт” Т. Я. Чыханацкіх, якая спецыяльна да семінара прымеркавала свой прыезд з Гомеля ў Шуміліна.
Важкая частка семінара была адведзена праблемам сяўбы і вырошчвання зернебабовых культур. У мінулым годзе ў вобласці было закуплена соевага шроту на 80 мільёнаў долараў, адзначыў у сваім выступленні загадчык аддзела зерневых, зернебабовых і крупяных культур РУП “Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі Беларусі” І. І. Борыс. А гэтыя грошы маглі б застацца ва ўласнай кішэні, калі б самі ў дастатковай колькасці вырасцілі зернебабовых. Менавіта яны з’яўляюцца багатай крыніцай бялку, які так неабходны жывёлам. Дарэчы, губернатарам вобласці сёлета пастаўлена задача мець у структуры зерневых не менш як 10% зернебабовых, падкрэсліў Іван Іванавіч. Зернебабовыя паляпшаюць глебу – гэта крыніца азоту, яны накапліваюць фосфар, калій і ўвесь спектр амінакіслот.
Адна з зернебабовых культур, якая дае добры ўраджай – гэта лубін. Калісьці яго багата сеялі на шумілінскіх землях. І сталыя аграномы памятаюць, што адзін кілаграм лубіну замяняе 0,7 кілаграма соевага шроту. Больш таго, лубін – рэнтабельная культура. І ў гаспадарках Верхнядзвінскага раёна мелі рацыю, калі заняліся вырошчваннем не толькі лубіну, але і іншых зернебабовых культур – гароху і вікі, якія таксама багатыя на бялок. Спецыялісты Віцебскага занальнага інстытута далі рэкамендацыі аграномам вобласці на якіх глебах сеяць зернебабовыя культуры, адзначылі, што падыдуць пясчаныя і сугліністыя землі, але  на закінутых участках добрага ўраджаю не атрымаеш.
Асобная гаворка – пра рапс. Адна тона яго насення на маслаэкстракцыйным заводзе ў Віцебску каштуе каля трох мільёнаў рублёў. Гэта самая высокая цана сярод усіх відаў насення. Дадае гонару нашаму раёну, што летась ураджайнасць яравога рапсу была добрая – 19,4 ц/га, гэта вышэй за сярэднеабласны паказчык.
Многія з выступаючых засяродзілі ўвагу аграномаў на вырошчванні яравых зерневых, па тэрмінах, тэхналогіі апрацоўкі глебы і пратручвання. Таму і тэхніку, і насенне, і глебу да пасяўной варта рыхтаваць загадзя, бо з-за спазнення сяўбы на 3-9 дзён губляецца ўраджайнасць да 4-8 цэнтнераў з гектара. А ўвогуле стаіць задача сёлета поўнасцю справіцца з сяўбой яравых зерневых да 1 мая.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2012.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *