Механизатор Василий Пликус первым в Шумилинском районе перевёз 1000 тонн зерна

Актуалии Новости Экономика

Ёсць  першая  тысяча  тон!
У мінулы панядзелак, 19 жніўня, механізатар сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае” Васіль Плікус прымаў віншаванні. Ён першым у раёне перавёз тысячу тон збожжа.

Васіля Плікуса віншуе Раман Прасветаў

Каб павіншаваць Васіля Анатольевіча з важкім працоўным дасягненнем, на поле ля Станіславова, дзе ўбіралі зернебабовыя, прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК  Вольга Пусянкова і начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Раман Прасветаў. Механізатару-лідару ўручылі  каштоўны падарунак, падзячны ліст і кепку з майкай з эмблемай АПК, пажадалі здароўя і поспехаў у рабоце.
Васіль Плікус свой працоўны шлях пачынаў менавіта ў “Лаўжанскім”, затым доўгі час працаваў у ДРБУ-204, а цяпер вось зноў два гады ў сельгаспрадпрыемстве. Прычым, гэты час для механізатара даволі ўдалы – і летась быў тысячнікам па перавозцы збожжа, і сёлета.
– Мабыць, у вас ёсць нейкі асаблівы сакрэт, што вы на сваім МТЗ-1221 далі фору ўсім механізатарам раёна? – пытаюся ў Васіля Плікуса.
–  Ёсць сакрэт: трэба працаваць! – усміхаецца механізатар.
Механізатары “Лаўжанскага” расказалі, што сумленнасці, шчырасці і вытрымцы  Васіля Анатольевіча можна толькі пазайздросціць. З яго бяруць прыклад, на яго раўняюцца калегі з усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №66 ад 22. 08.2019 г.