Новогодние новости

Новости Общество

“Падзяліліся цяплом душы сваёй”
На працягу дзесяці гадоў навучэнцы СШ №1 г.п. Шуміліна прымаюць удзел у дабрачыннай акцыі “Падзяліся цяплом сваёй душы”. Вось і ў гэтыя навагоднія святы яны зноў завіталі ў дзіцячае аддзяленне райбальніцы, каб павіншаваць дзяцей з Новым годам і Ражаством.
“Да дабрачыннай акцыі рыхтаваліся, – кажа намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Л. Б. Сіліна. – Дзеці прыносілі з дому мяккія цацкі, канцылярскія тавары, настольныя гульні, дыскі з дзіцячымі фільмамі, адзенне. У акцыі прыняў удзел кожны клас. Прызнацца, мы нават не чакалі такой актыўнасці. А сямікласнікі, удзельнікі гуртка “Натхненне”, рыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне”.
Разам са школьнікамі ў акцыі прыняў удзел в. а. першага сакратара райкама БРСМ Аляксандр Хмарын, ад раённага аддзела адукацыі ён падарыў дзецям салодкія падарункі.
Потым школьнікі СШ №1 завіталі ў Обальскі прытулак, які зараз называецца Шумілінскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Дзецям з прытулку падарылі мяккія цацкі, навагоднюю казку і ўсмешкі.
Дарэчы, шумілінскія школьнікі былі не адзіныя, хто прыехаў у прытулак з падарункамі. Павіншавалі дзяцей  з Новым годам і падзяліліся цяплом душы сваёй студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, работнікі суда Шумілінскага раёна, прадстаўнікі каталіцкага касцёла Маці Божай Фацімскай, прафкама раённага аддзела адукацыі. З падарункамі завіталі з ААТ «Лаўжанскае», работнікі Обальскага керамічнага завода і мясцовыя прадпрымальнікі. З Обальскага лясніцтва падарылі прытулку елку, а работнікі мясцовых Дома культуры і музычнай школы запрасілі дзяцей на навагодняе прадстаўленне. Салодкія падарункі прывезлі спонсары з Полацка. Замест свайго прозвішча назваліся “проста добрымі людзьмі”.
З “КарынаГандаль” у прытулак прывезлі фрукты, з райгазу – адзенне і цацкі, з “Беларусбанка” –  спартыўны інвентар, з цэнтра дзяцей і моладзі – мяккія цацкі. Падарункі дарылі не толькі ад арганізацый і прадпрыемстваў, але і асабіста ад сябе. Як, напрыклад, жыхары райцэнтра Таццяна Лялюга і Вера Жукава.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Дзецям казку падарылі
Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” крочыць па краіне. Па традыцыі ў гэтыя калядныя дні дзеці чакаюць цудаў ад Дзеда Мароза, вераць у казку. Спецыялісты раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі арганізавалі забаўляльнае мерапрыемства “Зімовай казачнай парой” для сваіх 18 выхаванцаў і вучняў. Як зачараваныя, дзеці глядзелі на казачных герояў, вадзілі з імі карагоды, дапамагалі Снягурцы знайсці падарункі.
А падарункі нашым дзецям падрыхтавалі добрыя і спагадлівыя людзі. Вельмі ўдзячны мы калектывам ДРБУ №204 (дырэктар Р. М. Насцюшкін), ПМК-70 (А. Ю. Крыўко), “Вітконпрадукта” (В. П. Некрашэвіч), ПГУП “Брут” (Г. Д. Гаўрыленка), раённай гімназіі (Л. У. Маладзечкіна), асабіста Ю. Цішкевіч і А. Ляошка за падарункі і дапамогу ў арганізацыі навагодняга ранішніка. Жадаем усім моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў і ўдачы ў новым годзе.
Калектыў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
“Калядная зорка”
У Цэнтры дзяцей і моладзі праходзіць выстава дзіцячых работ “Калядная зорка”, асноўная тэматыка якіх – зіма, Новы год і Каляды. Работы выкананы ў жанрах  дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтваў.
“Зберажом зялёную ялінку”
У гэтыя дні ў Цэнтры дзяцей і моладзі ладзіцца традыцыйная акцыя-выстава  “Зберажом зялёную ялінку”. Наведвальнікі могуць пабачыць ёлкі, якія зроблены з паперы, тканіны, каштанаў, цукерак, магнітафонных стужак і іншых матэрыялаў. Прычым, кожны можа набыць ёлку, што спадабалася. А выручаныя грошы будуць пералічаны дзіцячаму дому сямейнага тыпу.
Алесь САКАЛОЎ.
“Новы год у асяроддзі сяброў”
Дабрачынную навагоднюю праграму “Новы год у асяроддзі сяброў” напрыканцы адышоўшага года падрыхтавалі  для Обальскага сацыяльнага прытулку дзяўчынкі дзіцячага грамадскага аб’яднання “Асацыяцыя беларускіх гайдаў”. У праграме ўдзел бралі казачныя героі – Дзед Мароз са Снягуркай, Камедыянт, Зімачка-Зіма і іншыя персанажы.
Трэба сказаць, старанна і адказна рыхтаваліся гурткоўцы  раённага цэнтра дзяцей і моладзі (кіраўнік Вольга Карась) да дабрачыннай акцыі. Перад тым, як паехаць у Обаль, яны правялі майстэрню Дзеда Мароза, пашылі мяккія цацкі “Катафей на шчасце”, ад  Цэнтра падрыхтавалі дзіцячыя ласункі. На працягу 2012 года гайды завозілі для выхаванцаў прытулку дабротныя рэчы.
На сустрэчы гучалі вершы, казкі, усе весяліліся, вадзілі навагоднія карагоды.
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №2 ад 09.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *