Женщина года Шумилинщины: Валентина Клишо

Актуалии Общество Сельское хозяйство

У адказе за якасць малака
Валянціна Іванаўна Клішо, малаказборшчык ААТ “Прыазёрны мір”, удастоена звання “Жанчына года Шуміліншчыны-2015” у намінацыі “Жанчына ў сістэме  аграпрамысловага комплексу і лясной гаспадаркі”.
Калегі Валянціны Іванаўны ўпэўнены, што яна заслужыла такога высокага звання сваёй руп-лівай працай. Амаль трыццаць гадоў працуе ў “Прыазёрным міры” лабарантам: правярае якасць малака і вядзе яго ўлік, афармляе патрэбную дакументацыю. Гэтую работу сумяшчае з работай малаказборшчыка: разам з вадзіцелем малакавоза, які прыязджае з вытворчага цэха ААТ “Малако”, едзе да тых амаль сарака гаспадароў у Амбросавічах і навакольных вёсках, якія трымаюць кароў.
– Ці цяжка сумяшчаць работу лабаранта і малаказборшчыка? – пытаемся ў Валянціны Іванаўны.
–  Вядома, у кожнай рабоце ёсць свае цяжкасці, але я ўцягнулася ўжо за столькі гадоў, прывыкла працаваць без выхадных. А шостай га-дзіне раніцы збіраем малако ад прыватных кароў,  рэгулярна правяраем на якасць. Потым працую на фермах Амбросавічы, Маркава і Непароты: правяраю тлустасць малака, наяўнасць у ім саматычных клетак. Летам працую і на пашы, дзе пасвяцца каровы. Кантралюю, ці якасна вымыты даільныя апараты, ці апаласнуты бочкі для малака. Чым чысцейшае малако – тым лепш яно захоўваецца. Так што ў адказе за якасць увесь калектыў жывёлаводаў.
– Ці адрозніваецца ваша работа зараз і раней, скажам, гадоў дзесяць таму?
–  Вядома, адрозненні ёсць. І радуе, што яны ў лепшы бок. Як лабаранта, радуюць перамены ў сельскай гаспадарцы: праведзена рэканструкцыя фермы Амбросавічы, закуплена новае абсталяванне. Для работы лабаранта забяспечаны ўсе ўмовы: новы прасторны кабінет, неабходнае абсталяванне для вызначэння паказчыкаў малака. Змяніліся ўмовы работы і ў малаказборшчыка. Калі раней збіралі малако на конях і вылівалі ў бітоны, то зараз адзін вадзіцель малакавоза паспявае аб’язджаць усе навакольныя вёскі. Атрымліваецца значна хутчэй. Гэта значыць, малако не губляе сваёй якасці.
–  Колькі малака збіраеце з прыватных падворкаў?
– Прыкладна 600-700 кілаграмаў летам. Зімой, калі каровы ў запуску, зразумела, малака менш. У Амбросавічах і блізляжачых вёсках ёсць восем гаспадароў, якія трымаюць па дзве каровы. І гэта радуе: важкі гурт кароў, значыць, жыве вёска і не перавяліся ў ёй сапраўдныя гаспадары. Як правіла, насельніцкае малако ідзе тлустасцю 3,6%. У большасці сваёй вяскоўцы – людзі сумленныя, яны не стануць разбаўляць малако вадой.
–  Ну, а што тычыцца якасці сыравіны, якую гаспадарка здае ў Шумілінскі вытворчы цэх ААТ “Малако”?
–  Малако ідзе вышэйшым гатункам і гатункам “экстра”. Вядома, ёсць над чым працаваць: кіраўніцтва нацэльвае, каб усё малако было толькі “экстра”.  У  яго якасці, думаю, зацікаўлены не толькі лабарант, але і кіраўніцтва гаспадаркі, і калектыў жывёлаводаў – ад гэтага ж залежыць не толькі заробак кожнага з нас, але і дабрабыт гаспадаркі.
–  Дзякуй за размову. Жадаем вам здароўя і поспехаў у рабоце.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №65 ад 19.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *